Прысуды гомельскім праваабаронцам і суд па справе Мікола Дзядка


Беларускі рэжым прыцягвае затрымліваць людзей і выносіць прысуд па палітычным справам актывістам, праваабаронцам і звычайным беларусам.

Праца выкананая, і гомельскі суддзя Сяргей Салоўскі можа спаць спакойна. Сёння ён адправіў у калонію сябраў праваабарончага цэнтру «Вясна». Леаніда Судаленку – на 3 гады агульнага рэжыму, Таццяну Ласіцу – на два з паловаю.

«Адзінае спадзяванне было толькі, што дадуць не тры гады, па максімуме, як прадугледжваюць санкцыі, а дадуць усё ж такі два з паловаю гады, таму што ў Леаніда ёсць усё ж такі няпоўнагадовы сын», – кажа гомельскі грамадскі актывіст Васіль Палякоў.

Таццяну Ласіцу і Леаніда Судаленку затрымалі амаль 10 месяцаў таму. За што менавіта – грамадства даведалася з лістоў палітзняволенага: прывёз дровы шматдзетнай сям’і, патлумачыў відэа-блогеру, што такое пратэст, прапанаваў сустрэць з-за кратаў гамяльчанку, правёў семінар аб лічбавай бяспецы, аплочваў штрафы і судовае мыта. Гэта кваліфікавалі пад дзве часткі 342-га крымінальнага артыкулу: «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» і «Навучанне, рыхтаванне ці фінансаванне» пратэстаў.

«Няма сумневаў, што ўлады пераследуюць «Вясну» у помсту за яе 25-гадовую выбітную бясстрашную працу па абароне правоў чалавека», – значыцца ў супольнай заяве праваабаронцаў.

У супольнай заяве праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі неадкладна адмяніць вырак і вызваліць праваабаронцаў. Прысудам абуранае і грамадства. За гады сваёй практыкі кіраўнік гомельскай «Вясны», адвакат Леанід Судаленка дапамог дзясяткам, а то і сотням людзей, якія яму дагэтуль удзячныя.

«Знішчаюць людзей, знішчаюць асобаў, знішчаюць прафесіі, тых, хто проста не пажаданы для рэжыму», – абураецца гомельскі актывіст Максім Новікаў.

«Вельмі спадзяюся, што беларусы ўсё ж такі не дазволяць ні яму, ні іншым палітвязням сядзець усе свае тэрміны да канца», – лічыць актывіст «Краіны для жыцця» Дзмітрый Лукомскі.

«Быццам і няма чаму здзіўляцца, але эмоцыі цяжка стрымліваць», – кажа грамадская актывістка Святлана Нарскіна.

Пра прысуд Леаніду Судаленку яшчэ не ведае гомельскі валанцёр Ілля Міронаў. Ён ужо месяц як у СІЗА. Сёння раніцай у яго ўдома правялі чарговы ператрус.

«Канечне, аніводнай паперкі, нідзе, нічога не забралі. Таму што нічога няма. Усё, што можна было, ужо даўно забралі», – кажа маці Іллі Міронава Валянціна.

Ілля – адзіны з тых, каго затрымалі за каментары ў «справе Андрэя Зельцара», забітага ў страляніне з працаўніком КДБ. У словах валанцёра Следчы камітэт угледзеў абразу прадстаўніка ўлады і распальванне варожасці.

Сёння ж судзілі вядомага беларускага анархіста Міколу Дзядка. Дарэчы, пачатак затрымалі амаль на гадзіну – будынак нібыта замініравалі.

«Уражанне такое, што яны хочуць хутчэй пазбавіцца гэтай справы. Яна ў іх ужо, як яны кажуць, навязла на зубах, як я дапускаю. Таму што справа злепленая ні пра што, справа злепленая без доказаў», – распавядае пра суд над яго сынам бацька Міколы Дзядка Аляксандр.

Мікалая вінавацяць у блакаванні дарогі, ад якога дзяржава зазнала страты амаль на 6 тысячаў рублёў, а таксама ў вядзенні тэлеграм-каналу «Мiкоlа». Да справы далучаюць і нібыта знойдзеныя ў яго шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі.

«Усім, хто мае дачыненне да арганізацыі гэтага судовага працэсу, а роўна і іншых палітычных рэпрэсіяў у маёй краіне, я хачу сказаць: не майце ілюзіяў! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не здольныя спыніць вызваленне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!», – казаў у апошнім слове палітычны вязень Мікола Дзядок.

Міколу пагражае 5 гадоў турмы.

«Любы рэжым заўжды падзе. Жыве Беларусь!»

«Верым, можам, пераможам!»

«Нішто не спляміць і не асіліць нашай праваты. І нам яшчэ паслужыць наша памяць», – выказваюць словы падтрымкі актывісты з Гомля, якія праз пераслед даўно пакінулі Беларусь.

Цяпер Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца чакаюць этапу. Ілля Міронаў – суда. Мікола Дзядок – выраку. Яго агучаць у наступную сераду.

Надзея Бельская, «Белсат»