«Пры гэтай уладзе беларус не можа адчуваць сябе ў бяспецы». Хто сапраўдны экстрэміст?


Мала незаконнага зняволення, мала пераследу журналістаў – цяпер спрабуюць дабрацца да гледачоў. МУС прызнала нашыя інтэрнэт-рэсурсы «экстрэмісцкім фармаваннем».

«Прызнаць мільёны беларусаў, якія глядзяць нас, або чытаюць у сацсетках, або глядзяць на YouTube – немагчыма. Гэта тое самае, што прызнаць экстрэмістамі ўвесь народ, бо пераважная большасць беларусаў усё такі давяраюць незалежным сродкам масавай інфармацыі», – зазначае віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

На рашэнне МУС Беларусі ўжо адрэагавалі ў Міністэрства замежных справаў Польшчы. Вось што сказаў прэс-сакратар Лукаш Ясіна: «Белсат» як канал Польскага грамадскага тэлебачання – гэта вельмі важны элемент у надаванні беларускаму грамадству права на свабоду інфармацыі. Мы асуджаем усе абмежаванні, якія былі раней, як і тыя, якія з’яўляюцца цяпер. Мы будзем з усіх сілаў старацца, каб «Белсат» мог дзейнічаць з тэрыторыі Польшчы, а таксама ў Беларусі.

І хоць сама па сабе падпіска ці прагляд у адрозненні ад рэпосту матэрыялаў фармальна не павінна карацца, эксперты ў пытаннях кіберпяспекі раяць чысціць гісторыю прагляду ў браўзэрах, уключаць VPN, абавязкова наладзіць двухфактарную аўтэнтыфікацыю ў Telegram, а таксама не падпісвацца ўласным прозвішчам і не ставіць сваё фота на аватар у Telegram і на YouTube.

Што датычыць юрыдычнага боку справы, як сцвярджае юрыст Міхаіл Кірылюк, нідзе нават не прапісана, хто канкрэтна належыць да экстрэмісцкага фармавання. Крытэру – няма, няма і юрыдычнага спосабу абараніцца, кажа юрыст, прадстаўнік НАУ Міхаіл Кірылюк:

«Пры гэтай уладзе беларус не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Як ты можаш адчуваць сябе ў бяспецы, нават калі ў цябе няма тэлефона, а ты аб чымсьці паразмаўляў на кухні?»

Расплывістая ня толькі фармулёўка «экстрэмісцкія фармаванні», але і панятак «экстрэмізм», які азначае «скрайнія погляды». ААН увогуле заклікае вывесці з крымінальнага заканадаўства артыкулы пра экстрэмізм, бо аўтарытарныя рэжымы выкарыстоўваюць іх для пераследу палітычных апанентаў і стрымання праўдзівай інфармацыі.

«Калі ў дэмакратычнай краіне гэта чалавек, які заклікае нішчыць, забіваць, усталёўваць дыктатуру, праводзіць генацыд, то ў недэмакратычнай краіне экстрэмістам становіцца чалавек, які заяўляе, што двойчы два – 4», – тлумачыць наш калега, палітолаг Аляксандр Папко.

Між тым менавіта журналісты «Белсату» зазнавалі небяспеку ад тых, хто мае ахоўваць парадак у Беларусі. Вось што згадвала нашая калега Алена Шчарбінская пра катаванні на Акрэсціна:

«Надзіральніца такая бялёсая дзяўчына – яна здзекавалася проста, біла мяне. Біла па нагах, біла мяне каленам у жывот, сёння біла дубінай па спіне».

Нашую фотакарэспандэнтку Ірыну Арахоўскую падстрэлілі гумовай куляй, нашую калегу Кацярыну Андрэеву ў жніўні аглушыла святлошумавою гранатаю.

Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай прысудзілі па два гады калоніі за стрым з плошчы Пераменаў у Менску – народнага мемарыялу забітаму Раману Бандарэнку. Як сцвярджае расследаванне «ByPol», у справе забойства фігуруюць байцы СОБР, а таксама найбліжэйшае атачэнне Лукашэнкі на чале з Эйсмант.

Вядомыя імёны прынамсі дзесяці загінулых пры здушэнні паслявыбарчых пратэстаў. Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», больш за 35 тысячаў чалавек былі беспадстаўна затрыманыя. Аднак ніводнай справы супраць сілавікоў не завялі.

А мы будзем набліжаць той час, калі ў Беларусь усталюецца сапраўдная законнасць – распавядаючы вам праўдзівую інфармацыю. З самага сэрца экстрэмісцкага фармавання.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»