«ByPol» і «Nexta» пра падтасоўкі ўнутры органаў


Наўрад ці кагосьці абмінула прававое бязладдзе дыктатарскага рэжыму – выснова расследавання «ByPol» пра тое, як следчыя фабрыкуюць справы беларусаў.

Гаворка не абавязкова пра палітычныя справы… Наркотыкі, паклёп, крадзяжы, карупцыя… усё, на чым растуць паказнікі і зоркі на пагонах. Дык як робяцца падтасоўкі ўнутры органаў?

Бадай што пыл – 0,024 грама марыхуаны знайшлі ў сына Алены Кузьміной. Але на сябе Кірыл узяў і перадачу двух грамаў свайму знаёмаму.

«Потым, ужо пад час суда, ён падышоў да мяне і прызнаўся, што следчыя яго намовілі, што «калі ты так не скажаш, то пойдзеш разам з ім па частцы 3. арт 328 у калонію на 10 гадоў», – распавяла «Белсату» Алена Кузьміна.

Гэта называецца «пайшоў на супрацу». Вось толькі ў выніку атрымаў 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

«Не было ні адбіткаў пальцаў, ні відэазапісу. Нават тыя паказанні, якія давалі міліцыянты, яны былі розныя. Адзін кажа, што міліцыянты ў 20 метрах стаялі. Другі кажа – 100 метраў», – кажа Алена Кузьміна

Ініцыятыва «ByPol» апублікавала матэрыял, як следчыя фальсіфікуюць доказы ў крымінальных справах – у змове з міліцыянтамі ды пракурорамі.

На запісе гераіня, з падобным да Міраславы Хлышчанко-Хазаноўскай голасам – з аддзелу Следчага камітэту Кастрычніцкага раёну Менску:

– Я ўчора, калі ўбачыла, бл**зь, агляды, прытым, дзе яны ізастужкі вымаюць… Пачынаюць яны з агляду тэлефона, які вымаюць 13-га чысла, але аглядаюць яго нейкім чынам 12-га чысла!

– А, дык гэта ён памяняў, – адказвае (паводле «ByPol») Віталь Сідаровіч.

– І ўсе гэтыя агляды рознымі асадкамі, рознымі почыркамі. Гэта што за х**ня?

Канверты памянялі, агляды перапісалі. Гаворка ідзе пра падмену рэчавых доказаў і падлог пратаколаў следчых дзеянняў – тлумачыць прадстаўнік ініцыятывы «ByPol» Алег Талерчык:

«Працаголіку Міраславе Ігараўнай – чарговы дасягнутая паказнік, а камусьці – да 20-ці гадоў пазбаўлення волі паводле 328-ага, так званага наркатычнага артыкулу. А дакладней 20 гадоў пекла – паводле наўпроставага загаду дыктатара».

Загадвала не ўносіць дату і час, нішчыць працэсуальныя дакументы, не дапытваць асобаў, паказанні якіх могуць паўплываць на хаду расследавання. Плюс падмена працэсуальных дакументаў у крымінальных справах, ужо перададзеных пракурору для накіравання ў суд – сведчаць абнародаваныя матэрыялы праслухоўвання.

Голас Яўгена Мацюшэнка (паводле «ByPol») – нам. пракурора Кастрычніцкага раёну г. Менску:

«Ну тады не распаўсюджвайце, што я даў вам нешта паправіць. Бо я чую, допчык (дапаўненне – заўв. рэд.) ужо ляжыць. Ды я маўчу, Віктаравіч. Я ўвогуле маўчу. Я зразумела вас, пачула».

За такія справы – адказнасць ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі, кажа Алег Талерчык, былы старэйшы пракурор Генпракуратуры. Такімі патэнцыйнымі сядзельцамі ўнутраныя органы перапоўненыя – кажа блогер NEXTA, які, бадай, першым кінуў выклік лішнім асобам у праваахоўных органах і атрымліваў безліч паведамленняў пра тамтэйшае бязладдзе.

Сцяпан Пуціла, блогер Nexta, сказаў «Белсату»:

«Вельмі шмат міліцыянтаў, якія сапраўды хочуць служыць народу, а не сістэме, засталося ў органах. Іх, канешне, прыніжаюць, пазбаўляюць прэміяў, ім не даюць нармальна працаваць».

Асобным спісам ідуць справы палітычныя… Другога лістапада Следчы камітэт і шэраг упраўленняў унутраных справаў гарвыканкамаў пазбавіліся акаўнтаў у Google і каналаў на Youtube – з прычыны санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў і арганізацыяў, датычных да гвалту і рэпрэсіяў у Беларусі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»