У Латвіі ў мінулыя выходныя адбыліся выбары ў чатырнаццаты Сейм


 Выбарчая кампанія ўсталявала рэкорд: на кожнае месца ў парламенце прэтэндавалі 18 кандыдатаў. Не абышлося і без сюрпрызаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Галоўная навіна: правацэнтрысцкая партыя прэм’ер-міністра Латвіі Крыш’яныса Карыньша «Новае адзінства» атрымала ўпэўненую перамогу на гэтых парламенцкіх выбарах. Сам Карыньш пацвердзіў, што Латвія крочыць па верным шляху, з якога не зверне:

«У нас ёсць вельмі дакладны курс на развіццё нашай эканомікі, я б не хацеў моцна адхіляцца ад гэтага курсу. І, вядома ж, у першую чаргу ўсіх турбуе, як мы ўсе перажывем зіму – прычым не толькі ў Латвіі, але і ва ўсім Еўрапейскім Звязе. І каб мы ўсе засталіся згуртаваныя ў падтрыманні Украіны і не завагаліся перад цяжкасцямі – вышэйшымі коштамі».

Латышскі парламент – аднапалатны. 100 дэпутатаў абіраюць на 4 гады. У гэтым годзе балатаваліся 1829 кандыдатаў паводле 19 партыйных спісаў. Яўка выбарнікаў склала амаль 60% – на 5% больш, чым у папярэдні раз. Другой галоўнаю навіною стала тое, што партыі «Згода», якая ўпэўнена лідаравала ва ўсіх папярэдніх кампаніях, выбарнікі не падтрымалі.

У латышскай сістэме ёсць тры палітычныя абʼяднанні, якім традыцыйна аддавалі галасы расейскамоўныя грамадзяне: «Згода» – партыя, якая спрабавала будаваць мост паміж дзвюма часткамі грамадства, Расейскі саюз Латвіі – партыя адкрыта пракрамлёўская, і новае папулісцкае стварэнне «За стабільнасць». Пра гэта нагадаў Барташ Хмелеўскі, аналітык Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў, што месціцца ў Польшчы. На думку адмыслоўца, «сёлетні вынік галасавання – наступства таго, што выбарнікі стаміліся ад першых дзвюх, захацелі чагосьці новага і абралі, скажам так, трэці шлях».

На вынікі выбараў моцна паўплывалі і дзеянні Крамля супраць Кіева. Некаторыя партыі будавалі сваю перадвыбарчую кампанію на асуджэнні гэтай вайны. А на расейскамоўны сегмент выбарнікаў вельмі паўплывала тое, што партыя «Згода» публічна асудзіла так званую «спецыяльную ваенную аперацыю».

Намеснік старшыні аб’яднання «Нацыянальны Альянс» Рыхардс Колс настроены катэгарычна:

«У нас больш няма шэрай зоны. Гэта чорнае і белае. Вы падтрымліваеце Пуціна? Ну, тут, у Латвіі, вас ніхто не трымае».

Такія наратывы даспадобы далёка не ўсім жыхарам Латвіі. Як адзначыла, напрыклад, настаўніца з Рыгі, а па сумяшчэнні і кіраўніца Расейскага культурнага абʼяднання Алена Мацякубава, «нас прымушаюць моўчкі асімілявацца. У крытычны момант, калі трэба аб’яднаць грамадства, раптам пачалі ўздымаць самыя балючыя для насельніцтва пытанні. І мне здаецца, што гэта – палітычная памылка. І нават злачынства».

Паводле вынікаў галасавання неабходны пяціадсоткавы барʼер пераадолелі 7 партыяў. «Новае адзінства» набрала амаль 19% і атрымлівае 26 мандатаў у парламент.

Амаль 12,5% змог набраць «Звяз зялёных і сялянаў» – і праходзіць з шаснаццаццю мандатамі.

«Абʼяднаны спіс» з 16% забірае 15 парламенцкіх мандатаў.

Далей ідуць Нацыянальнае абʼяднанне, партыі «За стабільнасць», «Латвія на першым месцы» і «Прагрэсіўныя».

Прарасейская партыя «Згода» і Расейскі саюз Латвіі прайгралі. І гэта – вельмі характэрны індыкатар змены настрояў у латышскім грамадстве.

«Мы за NATO, за Еўрапейскі Звяз, і мы не можам быць у кааліцыі з партыямі, якія глядзяць на ўсход і ў якіх ёсць ці раней былі нейкія адносіны з Расеяй. Мы гатовыя супрацоўнічаць з усімі бакамі, у якіх у прыярытэце еўрапейскія і заходнія каштоўнасці», – абвясціў Старшыня «Звязу «зялёных» і сялянаў» Армандс Краўзэ.

Раней паведамлялася, што ўжо ў панядзелак, 3 кастрычніка, прэзідэнт Эгілс Лэвітс наважыўся пачаць кансультацыі аб форме новай урадавай кааліцыі. Менавіта ёй трэба вызначаць шлях Латвіі, прынамсі, на бліжэйшыя 4 гады.

«Хутчэй за ўсё, у кірунках унутранай палітыкі вялікіх зменаў не будзе», – прагназуе польскі аналітык Барташ Хмелеўскі.

«Па-першае, з вялікай доляй верагоднасці прэмʼерам застанецца Крыш’яныс Карыньш з партыяй “Новае адзінства”. Гэта будзе цэнтр кааліцыі. Другім яе ўдзельнікам стане Нацыянальнае абʼяднанне – правая партыя, яе яшчэ называюць нацыяналістычнай. Навічком у кааліцыі будзе “Абʼяднаны спіс” – кластар рэгіянальных партыяў».

Мінулым разам ад выбараў да фармавання ўраду Латвіі прайшло тры з паловаю месяцы. Колькі часу спатрэбіцца партыям на дасягненне кампрамісаў сёлета – палітолагі спрагназаваць не могуць.

Марына Яновіч, «Белсат»