Польшча дэ-факта прызнае Аб’яднаны Пераходны Кабінет Ціханоўскай


Польшча ўводзіць змены ў заканадаўства, каб спрасціць перабыванне беларусаў на сваёй тэрыторыі. І гэта, між іншага, вынік кансультацыяў з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй, якая просіць суседзяў не ізаляваць беларусаў у часы рэпрэсіяў і вайны. Спрашчэнне побыту – адзін з вынікаў працы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Перамовы на высокім урадавым узроўні. У Варшаве Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінету сустрэліся з міністрам унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы. Марыюш Каміньскі запэўніў, што ягоная краіна падтрымлівае і будзе падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы і канкрэтна Абʼяднаны Кабінет.

«Абмяркоўвалі пытанні дапамогі беларусам, якія знаходзяцца тут, у Польшчы, дапамогі беларускім добраахвотнікам, супрацы між Польшчаю і Беларусі. Кожны прадстаўнік Кабінету прадставіў сваё бачанне. Пра вынікі мы паведамім неўзабаве. Бо была частка адкрытая і частка сакрэтная», – распавёў «Белсату» старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Не сакрэт, што Полк імя Кастуся Каліноўскага, які проста цяпер ваюе за вызваленне Украіны, мае сваё валанцёрскае сеціва і ў Польшчы. Гэта той момант, дзе супадаюць інтарэсы беларусаў, палякаў, украінцаў, літоўцаў і іншых еўрапейскіх народаў.

Падчас сённяшняй сустрэчы ў міністэрстве польскі бок паведаміў Абʼяднанаму Пераходнаму Кабінету аб зменах у польскім заканадаўстве, якія спрашчаюць побыт беларусаў.

«Сёння ў тым ліку падымалі пытанне як спрасціць атрыманне візаў для беларусаў, якія сюды пераехалі без дакументаў, для беларусаў, якія выехалі з Украіны пасля 24 лютага. А таксама, як не патрабаваць ад беларусаў гэтыя няшчасныя даведкі аб несудзімасці, апастылі і ўсё тое, што немагчыма атрымаць і прывезці зараз з Беларусі», – распавёў Франак Вячорка.

Марыюш Каміньскі на працягу года дапамагае вырашаць міграцыйныя пытанні для беларусаў. У Міністэрстве ўнутраных справаў дзейнічае працоўная група ў справе візаў.

«Мы разумеем інтарэс беларускага народу быць вольнымі, у незалежнай дзяржаве. Гэта ў інтарэсах і Польшчы, і ўсяго Трансатлантычнага свету», – патлумачыў амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

На заўтра запланаваная сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Польшчы Анджэям Дудам і кіраўнікамі іншых дзяржаваў падчас Варшаўскага Форуму Бяспекі. Гэта адзін з доказаў таго, што частка замежных дзяржаваў дэ-факта прызналі Абʼяднаны Пераходны Кабінет Беларусі.

Мы знаходзімся ў Варшаве, на вуліцы Foksal. І ў гэтым будынку адбылася сёння сустрэча Святланы Ціханоўскай – лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў – з Абʼяднаным Пераходным Кабінетам – гэта прататып будучага ўраду Беларусі. І хоць гэты кабінет працуе ўжо 2 месяцы, гэтая сустрэча важная не толькі для падвядзення вынікаў, але і для вызначэння стратэгічнага кірунку развіцця і працы ў сённяшніх умовах.

Гэтую сустрэчу можна назваць паўнавартасным паседжаннем нарэшце ў поўным складзе Кабінету. Кіраўніца выканаўчага органу – Святлана Ціханоўская, прадстаўнік у справе транзіту ўлады – Павел Латушка, за замежныя справы адказвае Валерый Кавалеўскі, за законнасць і правапарадак – Аляксандр Азараў. Функцыі міністра абароны ў Кабінеце выконвае Валерый Сахашчык, былы камандзір 38-й Берасцейскай дэсантна-штурмавой брыгады.

«Кожны з прадстаўнікоў адказвае за свой накірунак, і сёння фактычна была справаздача аб дзейнасці кожнага з прадстаўнікоў. Не ўсё з гэтых тэмаў зʼяўляецца публічным, але ўсё ж такі важна ведаць, што адбываецца ў замежнай палітыцы з пункту гледжання падтрымкі нашых добраахвотнікаў, якія цяпер дзейнічаюць на тэрыторыі Украіны. З пункту гледжання рэалізацыі плану “Перамога”. Транзіту ўлады», – распавёў прадстаўнік АПК у справе транзіту ўлады Павел Латушка.

Адно з найважнейшых пытанняў – санкцыі і беларуская гаспадарка. Прадстаўніца Кабінету ў фінансах і эканоміцы – Таццяна Зарэцкая, бізнес-вумэн і мільянерка з высокатэхналагічнага сектару. За нацыянальнае адраджэнне Беларусі адказвае нашая калега, былая тэлевядоўца і журналістка «Белсату» Аліна Коўшык. Сённяшнюю пастанову Абʼяднанага Пераходнага Кабінету прадстаўнікі абяцаюць апублікаваць у найбліжэйшы час.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»