Трафік мігрантаў супраць еўрапейскіх санкцыяў


Беларусь была адной з галоўных тэмаў двухдзённай інфармацыйнай сустрэчы міністраў замежных справаў у славенскім горадзе Крань. Еўразвяз не забыў ні пра тысячы арыштаў, ні пра больш за 600 беларускіх палітвязняў. Але чыноўнікі Лукашэнкі і самі пра сябе нагадваюць.

«Рэжым Лукашэнкі цынічна выкарыстоўвае мігрантаў і ўцекачоў, каб стварыць ціск на нашых усходніх межах. Бо літоўскія і польскія межы – гэта межы Еўразвязу», – заявіў па выніках сустрэчы кіраўнік дыпламатычнай службы Еўразвязу Жузэп Бурэль.

Ад пачатку года праз Беларусь у Літву, Латвію і Польшчу трапілі больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў, пры гэтым беларускія памежнікі не толькі не перашкаджалі ім парушаць дзяржаўную мяжу, а дапамагалі гэта зрабіць, ці часам прымушалі, выкарыстоўваючы фізічную сілу і спецсродкі.

«Мы мусім падрыхтавацца да магчымага мігранцкага крызісу ў Еўразвязе. Мы ў Літве ўжо маем міграцыйны крызіс. І павялічваецца імавернасць, што афганцы, якія будуць уцякаць са сваёй краіны, будуць карыстацца ўсходнім маршрутам, які дапамагае адкрыць Лукашэнка і рэжым Беларусі», – папярэджваў міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

«Гібрыдная вайна, якую праводзіць Беларусь, рэжым Лукашэнка, гэта сапраўды нагода для значна мацнейшых санкцыяў. Мы ўпэўненыя, што варта накласці санкцыі на турыстычныя фірмы, на тых, хто арганізуе нелегальную міграцыю», – міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч.

Цяпер Брусэль рыхтуе новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Апроч турыстычных фірмаў, звязаных з мігранцкім трафікам, і кампаніі «Белавія», санкцыі закрануць суддзяў і пракурораў, што ўдзельнічаюць у палітычных рэпрэсіяў супраць беларусаў.

«Міністры выказалі салідарнасць з Літвой, Латвіяй і Польшчай, і мы гатовыя выкарыстаць усе магчымасці, каб падтрымаць іх, калі сітуацыя працягнецца», – заявіў Жузэп Бурэль.

У кіраўніцтве Еўразвязу мяркуюць, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі стварае мігранцкі крызіс, каб з яго знялі ранейшыя санкцыі. Як паведамляе газета «Наша Ніва», санкцыйныя страты аднаго толькі дзяржаўнага «Беларусбанку» могуць дасягнуць $ 1,8 млрд.

Уладзімір Макей, які ў апараце Лукашэнкі адказвае за замежныя справы, кажа, што Еўразвяз прыдумаў гібрыдную пагрозу. Але санкцыі супраць Аб’яднанай Еўропы афіцыйны Менск абвяшчаць не будзе, бо гэта контрпрадуктыўна.

Але ёсць і іншыя спосабы ціснуць на суседзяў.

«Расейская федэрацыя паставіць нам дзясяткі самалётаў, верталётаў, самага важнага ўзбраення паветранай абароны. Можа, купім у іх С-400. Нам яны вельмі патрэбныя», – заявіў напярэдадні Аляксандр Лукашэнка.

С-400 – гэта найноўшы комплекс паветранай абароны, які толькі ёсць у Расеі. У Федэральнай службе вайскова-тэхнічнай супрацы не выключылі магчымасць такіх паставак зброі, але ніхто пакуль і не пацвердзіў словы Лукашэнкі.

«Чым больш мілітарызуецца Беларусь, тым больш напружанне ў Польшчы і краінах Балтыі. Прычым з улікам таго, што эканамічная залежнасць Беларусі ад Расеі ўзрастае, беларускае войска ўжо як самастойную адзінку не ўспрымаюць», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Напярэдадні Польшча ўвяла надзвычайнае становішча ў памежных з Беларуссю раёнах у сувязі з мігранцкім крызісам. Там бачаць стварэнне мігранцкага крызісу і памежных правакацыяў, як частку расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-21», якія пройдуць з 9 па 15 верасня на беларускіх і расейскіх палігонах.

«Расея мусіць дзейнічаць прадказальна і празрыста. Мы вельмі ўважліва маніторым вучэнні «Захад 2021», і мы бачылі раней, што колькасць узброеных сілаў, якія ўдзельнічаюць у манеўрах, значна перавышае заяўленыя лічбы. Расея мусіць прытрымлівацца сваіх абавязальніцтваў паводле Венскага пратаколу аб вучэннях у Еўропе і дазволіць назіранне АБСЕ», – заявіў сёння генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Паводле афіцыйных заяваў расейскага Мінабароны, у Беларусь у межах вучэнняў скіруюць 2,5 тысячы расейскіх вайскоўцаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»