Культура засталася без этналогіі і фальклору


У Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры й мастацтваў ліквідуюць кафедру этналогіі і фальклору. Тут працавалі шматлікія студэнцкія гурты: «Этнасуполка», «Страла», «Човен». Афіцыйная нагода – аптымізацыя. Што будзе з выкладчыкамі і студэнтамі, высвятляла Каця Малей.

Дабраліся й да народнай творчасці… Кафедру этналогіі і фальклору расфармавала кіраўніцтва ўніверсітэту культуры і мастацтваў. Афіцыйная прычына – «аптымізацыя» працэсу. Працаўнікоў паставілі перад фактам. Нам каментаваць сітуацыю яны адмовіліся. Спадзяюцца абскардзіць пастанову афіцыйным шляхам.

«Вытручваць са свядомасці гісторыю, культуру, мову нашых продкаў небяспечна для жыцця саміх нашчадкаў… Спадзяюся, калі-небудзь гэта ўсвядомяць і тыя, хто цяпер гвалтоўна і збянтэжана яе вынішчае. Як кажуць простыя людзі: мы жывыя, пакуль жывём і дапамагаем адно аднаму, мова жыве, пакуль мы на ёй гаворым, а песня – пакуль мы яе спяваем!», – напісала на сваім Фэйсбуку выкладчыца кафедры этналогіі і фальклору Таццяна Пладунова.

«Кафедра этналогіі і фальклору – гэта аснова, гэта база беларускай традыцыі. І цяпер у Беларусі знішчаецца ўсё нацыянальнае, усё нацыястваральнае. Як паэт, як культуролаг я магу сказаць, што знішчаецца беларуская культура. Тое, што цяпер створаныя нібыта вучэбныя базы вайскоўцаў расейскіх у Горадні, дзе іх сустракаюць хлебам-соллю, тое, што самалёты расейскія ў Бабруйску цяпер – гэта ўсё адзін кірунак: гэта знішчэнне беларускасці», – адзначае культуролаг Валярына Кустава.

Кафедра этналогіі і фальклору існавала каля 20-ці гадоў. Цяпер навучэнцы і некаторыя працаўнікі пяройдуць на кафедру народна-песеннай творчасці факультэту музычнага і харэаграфічнага мастацтва.

«Калі там застануцца тыя апантаныя творчасцю выкладчыкі, якія гэтым ад душы займаюцца, гэта будзе трымацца. Галоўнае, каб засталіся людзі, гэта ўсё залежыць ад людзей. Вядома, што гэта значыць нешта, калі асобная кафедра этналогіі, а тут ужо народна-песенная. Але гэта больш бюракратычныя рэчы. Ну, нам трэба проста пратрымацца…», – кажа вакалістка этнагурта «Kriwi» Настасся Хмель.

Колішняга загадчыка расфармаванай кафедры, кандыдата культуралогіі, дацэнта Вячаслава Калацэя – звольнілі. Раней праз пераслед за грамадзянскую пазіцыю звольніўся і выехаў за мяжу выкладчык, кандыдат навук Вячаслаў Красулін.

«Я вучылася ва Універсітэце культуры ў свой час і выкладчыкі з кафедры фальклору таксама чыталі мне лекцыі. Хачу сказаць, што гэта людзі, аддадзеныя сваёй справе, людзі прабеларускія, людзі з адназначнай пазіцыяй і каштоўнасцямі нацыянальнымі. Вячаслаў Калацэй у тым ліку. Звальняюцца тыя, хто б не здрадзіў Беларусі, тыя, хто застаюцца сапраўднымі творцамі, сапраўднымі прафесіяналамі сваёй справы», – кажа Валярына Кустава.

Зазнаюць пераслед выкладчыкі і іншых ВНУ. Сёння дацэнту Полацкага ўніверсітэту Віктару Якубаву прысудзілі 15 содняў арышту нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Раней Якубаў двойчы сядзеў па 15 содняў паводле артыкулу 23.34.

Каця Малей, «Белсат»