«Да мяне прыйшлі». Працягнуўся пераслед актывістаў, эколагаў, музыкаў…


Затрыманні і суды ў Беларусі за адзін толькі дзень.

«Да мяне прыйшлі», – гэткі допіс у «Фэйсбуку» паспела пакінуць рэдактарка «Зялёнага парталу» Яніна Мельнікава. У яе ўдома ўчынілі ператрус, забралі тэхніку. Самую журналістку адвезлі ў Следчы камітэт на допыт у статусе сведкі.

З ператрусам прыходзілі да актывісткі «Экадому» Наталлі Герасімавай і ў кватэру Ірыны Сухій – сябры рады гэтае грамадскай арганізацыі. Самая актывістка цяпер за мяжой.

«Дачка мая адчыняла кватэру. Пасля ператрусу з яе ўзялі падпіску аб нераскрыцці. Іншая мая дачка, якая не давала падпіскі аб нераскрыцці (яе не пусцілі ў кватэру), бачыла пастанову. У пастанове былі тры радкі розных крымінальных артыкулаў, зразумела, што ніхто не запомніў іх», – кажа сябра рады грамадскай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій.

У ліпені сілавікі прыйшлі з ператрусам у «Экадом», у жніўні Вярхоўны суд ліквідаваў арганізацыю. Гэткі ж лёс напаткаў шэраг іншых беларускіх НДА рознага профілю.

«Што цяпер адбываецца ў Беларусі – зачышчаюць на два метры ўглыбіню ўсіх людзей, якія хоць неяк дзесьці былі актыўнымі. Хіба яно звязана з гэтым. З майго пункту гледжання, мы заўжды працавалі ў межах заканадаўства», – кажа сябра рады грамадскай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій.

Перад судом жа сёння апынуўся той, хто бараніў правы іншых. У Гомлі пачаўся працэс над Леанідам Судаленкам – вядомым праваабаронцам «Вясны», а таксама над дзвюма валанцёркамі арганізацыі – Таццянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай. Іх вінавацяць у арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама ў навучанні ды фінансаванні гэткай дзейнасці.

«Бацька выглядае бадзёра, не бачна ніякіх шкадаванняў, настроены пазітыўна. Я задаволены, як выглядае бацька, і настроены ён рашуча», – кажа сын Леаніда Судаленкі Кірыл Судаленка.

Працэс абвясцілі закрытым. Пусцілі ў залу толькі праўладныя медыі. У справе 77 тамоў. З лістоў вядома, што для абвінавачання паслужылі такія эпізоды, як аплата грамадзянам штрафаў і мытаў за зварот у суд ды працу адвакатаў, семінар лічбавай бяспекі для праваабаронцаў, каментар блогеру і нават дапамога прывесці дровы шматдзетнай сям’і.

«Мой бацька не вінаваты. Ён вінаваты, што нават калі атрымаецца, што яму давядзецца сядзець нейкі час у турме, так яно мусіць быць, бо ён не мусіць нікуды бегчы, ён не чыніў злачынстваў, ён будзе даказваць гэта ў судзе – і мы будзем яго падтрымліваць», – кажа сын Леаніда Судаленкі Кірыл Судаленка.

Да трох гадоў суд Ленінскага раёну Берасця працягнуў гэтак званую хатнюю хімію для 64-гадовай актывісткі Алены Гнаўк. Яе прызналі вінаватай у абразе Лукашэнкі. Падчас абвяшчэння выраку жанчыну затрымалі, бо яна хацела сфатаграфаваць ці зняць на відэа суддзю.

А актывістку і старшыню фонду «Наш дом» Вольгу Карач КДБ унёс у спіс фізічных асобаў і арганізацыяў, датычных тэрарыстычнай дзейнасці.

«Я даведалася пра гэта з віншаванняў іншых людзей. Мне казалі: Вольга, урэшце табе далі медаль. Віншую за тваю карысную працу для Бацькаўшчыны», – кажа старшыня фонду «Наш дом» Вольга Карач.

Стала вядома, што ў ізалятар на Акрэсціна трапілі дырэктар, арт-менеджар і дыджэй Аляксандр Багданаў, сцэнограф Максім Крук і арганізатарка культурных імпрэзаў Лізавета Неўмяржыцкая. Спіс жа палітвязняў сёння пашырыўся да шасцісот пяцідзесяці шасці асобаў.

Юлія Лабанава, «Белсат».