Беларусы губляюць працу. З пачатку года звольнілі на 50 тысяч больш, чым нанялі


У шэрагах беспрацоўных пабольшала. Як сведчыць статыстыка, звольненых за апошнія 7 месяцаў на 50 тысячаў больш, чым тых, хто знайшоў працу: 412 тысячаў супраць трохсот шасцідзесяці дзвюх.

Гэтая розніца прыкладна роўная колькасці насельніцтва такога гораду, як Слонім.

«Насамрэч, гэта далёка не новая дынаміка. Галоўная крыніца працоўных месцаў – дзяржаўны сектар. Гэта даўно адбываецца. Прыкладна, я б сказаў, з 2016 года насамрэч. Іншая справа, што прыватны сектар заўсёды быў рэцыпіентам гэтых самых людзей, якія станавіліся вольнымі», – лічыць эканаміст Сяргей Чалы.

Праблемы пачаліся пасля ўзмацнення рэпрэсіяў супраць прыватнага сектару, лічыць Сяргей Чалы. Але ж не ва ўсіх галінах эканомікі назіраецца такая сітуацыя. Гэтак, у ліпені беларусаў часцей прымалі на працу, чым звальнялі ў наступных сферах: сельская, лясная і рыбная гаспадаркі, прамысловасць, сфера паслугаў у часовым пражыванні і харчаванні, творчасць, спорт і адпачынак.

Іншая сітуацыя склалася ў сферах адукацыі, аховы здароўя і будаўніцтва. Калі першыя два паказнікі можна патлумачыць нарастаючай хваляй эміграцыі, то спад у сферы будаўніцтва мае іншыя прычыны, лічыць Сяргей Чалы.

«Інвестыцыйная рэцэсія працягваецца і паглыбляецца. То бок замены вонкаваму сектару ўнутры не знаходзіцца, нягледзячы на размовы пра тое, што «вось цяпер мы будзем праводзіць новую індустрыялізацыю». Гэта сведчыць пра тое, што грошай не хапае, і гэта сведчыць пра тое, што шматлікія праекты або наўпрост згортваюцца, або пастаўленыя на паўзу», – кажа Сяргей Чалы.

Сёння беларускі рынак працы прапануе амаль што 96 тысячаў вакансіяў. Але амаль палова з іх не забяспечвае абяцаных «па пяцьсот». Гэта сведчанне таго, што грошай у дзяржаве няма. Дзяржаўны сектар будзе намагацца выцягнуць апошняе з прыватнага сектару, але ня хопіць і гэтага, лічыць палітолаг Аляксандр Папко.

«У сітуацыі, калі прыватны сектар зазнае стагнацыю, калі занепадаюць і выміраюць дзяржаўны сектар, дзяржаўныя прадпрыемствы, адзіны выхад у такой сітуацыі – гэта працоўная эміграцыя за мяжу. Падабаецца гэта беларускім уладам ці не. А калі яны хочуць нейкім чынам зменшыць сацыяльную напругу, яны будуць вымушаныя, хутчэй за ўсё, адкрываць межы і дазваляць беларусам выязджаць працаваць у Расею, Польшчу і іншыя краіны», – кажа палітолаг Аляксандр Папко.

Тых жа, хто застанецца ў дзяржаўным сектары, чакаюць скарачэнне працоўнага тыдня і, як вынік, заробкаў. А тады – Беларусі пагражае эканамічная яма, лічыць Аляксандр Папко.

Надзея Бельская, «Белсат»