«Скарачэнне экспарту ў Еўразвяз азначае, што структура замежнага гандлю Беларусі змяняецца ў горшы бок»


Не ўсё ў свеце можна купіць. Швейцарыя далучылася да санкцыяў Еўразвязу, а дакладней – да сёмага пакету, прынятага Аб‘яднанай Еўропай 21-га ліпеня. Перадусім Швейцарыя забараняе гандаль расейскім золатам і залатымі вырабамі. Забаронена супрацоўнічаць з расейскім «Сбербанком» – нават на ўзроўні тэхнічнага абслугоўвання. Плюс павялічваецца чорны спіс расейскіх чыноўнікаў, вайскоўцаў і прыватных асобаў, датычных агрэсіі супраць Украіны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расея наўмысна затрымлівае дастаўку газавай турбіны з Нямеччыны, а тэхнічных прычынаў прыпыняць пастаўкі газу ў Еўразвяз няма. Пра гэта заявіў нямецкі канцлер, наведваючы завод «Siemens Energy». Олаф Шольц агледзеў «турбіну разладу», без якой Масква адмаўляецца выконваць газавыя кантракты. Турбіна выведзеная з-пад санкцыяў і можа запрацаваць у трубаправодзе «Паўночная плынь-1» у любы момант.

«У нас ёсць дасяжныя трубаправодныя магутнасці. Гэта “Паўночная плынь-1”, гэта трубаправод праз Украіну. Гэта і трубаправод праз Беларусь і Польшчу, на які Расея сама наклала санкцыі. Але ён ёсць і ён працуе. Абавязальніцтвы “Газпрому” перад пакупнікамі могуць быць выкананыя ў любы час і без абмежаванняў», – заявіў нямецкі канцлер.

Напрыканцы ліпеня дзяржаўны манапаліст «Газпром» скараціў пастаўкі газу праз «Паўночную плынь-1» да 20 % ад прапускной магутнасці з прычыны нібыта «рамонтных працаў». Як тлумачылі ў эфіры «Белсату» эксперты ў нафтагазавых пытаннях, гэта быў спосаб націснуць на Еўразвяз, каб прымусіць зняць з Расеі антываенныя санкцыі. Тым часам наконт неэфектыўнасці санкцыяў заяўляюць такія блізкія да Крамля палітыкі, як былы канцлер Гергард Шрэдэр ці лідарка французскіх нацыяналістаў Марын Ле Пэн.

«Гэта клішэ практычна ўсіх аўтарытарных рэжымаў, што санкцыі не працуюць. І дзіўна бачыць некаторых мясцовых палітыкаў, некаторых дзеячаў з апазіцыі, якія кажуць тое самае, трубадураць, што санкцыі не працуюць», – тлумачыць эксперт Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс.

Пра паспяховы супраціў санкцыям не раз заяўляў і Аляксандр Лукашэнка, і ягоныя падначаленыя. Але звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту паказваюць уплыў абмежаванняў, уведзеных Еўразвязам у сакавіку, пасля пачатку адкрытай вайны Расеі супраць Украіны. За паўгода экспарт беларускіх тавараў у Еўразвяз упаў на траціну (альфа) адносна таго ж перыяду летась. І бачна, што з кожным месяцам продаж беларускіх тавараў на Захад толькі падае – па 100 мільёнаў долараў.

«Скарачэнне экспарту ў Еўразвяз абумоўленае як непасрэдным уздзеяннем санкцыяў, так і таксічнасцю беларускіх пастаўшчыкоў для контрагентаў у Еўропе. Само скарачэнне экспарту ў Еўразвяз азначае, што структура замежнага гандлю таварамі з Беларусі змяняецца ў горшы бок», – падкрэслівае навуковы працаўнік цэнтру BEROC Алег Мазоль.

Як тлумачыць Алег Мазоль, раней мы гандлявалі з багатымі еўрапейскімі суседзямі, а цяпер – з беднымі і далёкімі краінамі. Раней прадавалі значна больш тавараў у Нямеччыну, Вялікую Брытанію і Фінляндыю. А сёлета нарошчваем пастаўкі ў Афрыку – у Малі, Гану ці, напрыклад, Ліван. А гэта больш выдаткаў на транспарт і менш прыбыткаў ад продажу.

«Будуць скарачацца прыбыткі спачатку тых, хто працуе на прадпрыемствах, а потым, за кошт скарачэння пакупальнай здольнасці адаб’ецца на спажывецкім попыце ў краіне», – прагназуе адмысловец.

Кітай нас не ўратуе. Як тлумачыць эксперт, зараз на кітайскі рынак спрабуе перайсці Расея. А значыць, расейская чыгунка будзе больш занятая расейскімі таварамі, а для беларускіх тавараў вырастуць транспартныя тарыфы.

Але і ў Пуціна, і ў Лукашэнкі ёсць спосаб прыбраць санкцыйны ціск і выйсці з-пад ізаляцыі.

«Спыніць вайну. І свабодныя незалежныя выбары. Свабода палітвязням», – тлумачыць Віціс Юрконіс.

Год таму ў праграме «Глабальнае пытанне» мы распавядалі, як гэта звязана. Рэдактар парталу «Reform.by» ды экспертнай сеткі «iSans» Аляксандр Атрошчанкаў прайшоў праз турму, як прэс-сакратар кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава. Выбары 2010 года азначалі турму адразу для чатырох кандыдатаў. Аляксандр выйшаў на волю хутка пасля таго, як Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі адносна «Белшыны», «Горадня Азоту», «Горадня Хімвалакна» і «Нафтану».

«Я ведаю, што выйшаў толькі дзякуючы санкцыям. Калі я чытаў газеты, я адразу лічыў: ага, выйду дзесьці ў красавіку, у траўні. Потым чытаю: Расея дала мільярд долараў. Ну, яшчэ месяц пасяджу», – распавядаў Аляксандр Атрошчанкаў.

Дзяржавы Захаду неахвотна ідуць на санкцыі, бо не хочуць эканамічных стратаў. Паралельна ідуць спробы абысці абмежаванні, як пасля выбараў і хвалі рэпрэсіяў 2020 года.

«Калі б усе пакеты былі выкананыя ў верасні 2020, мы б гэтае інтэрв’ю мелі ў Беларусі, а не ў Вільні», – перакананы Віціс Юрконіс.

Як тлумачыць эксперт Інстытуту міжнародных стасункаў, Еўразвязу спатрэбіўся ўгон рэйсу Афіны-Вільня і арганізацыя нелегальнай міграцыі сілавікамі Лукашэнкі, каб выпрацаваць рашучую пазіцыю адносна дыктатуры ў Беларусі.

Яраслаў Сцешык, «Абʼектыў»