Літва абвесціла рэжым экстрэмальнай сітуацыі


Штодня сітуацыя на літоўска-беларускай мяжы становіцца больш напружанай. Толькі за мінулыя содні з боку Беларусі ў еўрапейскую краіну трапілі 116 незадакументаваных мігрантаў. Агулам ад пачатку гэтага году – амаль 940. Для прыкладу, летась быў усяго 81 гэткі выпадак. У Літве абвясцілі рэжым экстрэмальнай сітуацыі.

«Важна мець такія тэхнічныя й лагістычныя інструменты, каб мы маглі хутка дзейнічаць і прымаць рашэнні», – кажа міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Ініцыятарамі ўвядзення рэжыму экстрэмальнай сітуацыі сталіся літоўскія памежнікі. Учора ім прыйшлося пусціць слезацечны газ і стрэліць у паветра, пасля таго, як 8 асобаў разам спрабавалі атакаваць патруль. Сучасная сістэма кантролю, якой абсталявалі мяжу раней, не ратуе. Мігранты пачалі ісці й праз яе. Еўразвяз дае Літве дадатковыя сродкі. Акрамя таго, для ўзмацнення патрулявання накіраваныя афіцэры агенцтва памежнай і берагавой аховы «Frontex».

«Вашыя клопаты і вашыя праблемы тут у Літве – гэта клопаты і праблемы ўсяго Еўразвязу. У гэты складаны час мы разам з вамі», – запэўніла літоўскія ўлады прэзідэнтка Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Рост незадакументаванай міграцыі Літва называе «гібрыднай вайною» з боку беларускіх уладаў. Ва ўласным «тўітэры» выказваецца міністр замежных справаў краіны Габрыелюс Ландсбергіс:

«Лукашэнка спрабуе ператварыць міграцыю ў зброю, каб аслабіць нашыя санкцыі».

Гаворка ідзе ў тым ліку вось пра гэтую прамову Лукашэнкі. Захад расцаніў яе як пагрозу:

«Мігрантаў пачкамі лавілі тут. Цяпер забудзьцеся. Самі будзеце іх лавіць».

«Наколькі непасрэдна якія-небудзь беларускія службы ўцягнутыя ў гэтыя міграцыйныя працэсы, складана сказаць. Пра гэта вядуцца размовы, але гэта ўсё роўна патрабуе больш сур’ёзных доказаў», – лічыць доктар палітычных навук Вадзім Валавой.

Стрымаць сітуацыю значна больш дапаможа пабудова плоту ўздоўж мяжы, лічыць палітолаг Андрэй Казакевіч. Акрамя таго, абавязкова працягнуць ціск на афіцыйны Менск.

«То яшчэ, здаецца, механізм – паўплываць на партнёраў і саюзнікаў Беларусі. Перш за ўсё, канечне, Маскву, якая мае свае механізмы ўплыву на беларускую сітуацыю. Але мне падаецца, што першы сцэнар будзе найбольш верагодны. Хаця і другі, і трэці таксама трэба ўлічваць», – кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.

Большасць мігрантаў пакінуць Літву і вернуцца дадому. Статус палітычнага прытулку яны не атрымаюць, кажуць літоўскія ўлады. Пакуль жа тых, хто трапляе ў еўрапейскую краіну, змяшчаюць у лагерах для ўцекачоў. Тым часам Латвія таксама ўзмацняе ахову сваёй мяжы.

Надзея Бельская, «Белсат»