Дзень незалежнасці ў палітычны крызіс


Ужо без параду, але ўсё яшчэ з салютам. Трэцяга ліпеня ў Беларусі дзяржаўнае свята – Дзень незалежнасці. Пляцоўку для афіцыйнай цырымоніі – курган Славы – пачалі рыхтаваць напярэдадні: памянялі плітку, абышлі тэрыторыю з металашукальнікам, прыгналі вайсковую тэхніку. Усё таму, што тут сёлета вырашыў выступіць Аляксандр Лукашэнка.

«Нашу вялікую перамогу ў нас хочуць адняць! Як казаў калісьці вялікі Ленін, трэба задаць сабе пытанне, ад якой спадчыны мы адмаўляемся? Той, хто хоча забыць гэтую перамогу – яны проста вар’яты», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта Аляксандр Лукашэнка на рэферэндуме 1996 года заклікаў прымеркаваць Дзень незалежнасці да Дня вызвалення Менску ад нямецкай акупацыі 3 ліпеня 1944 года. Хоць вынікі рэферэндуму не прызналі краіны Захаду, дата была перанесеная. Тым самым Лукашэнка звязаў незалежнасць Беларусі з перамогаю ў Вялікай Айчыннай вайне. Раней жа Дзень незалежнасці быў прымеркаваны да прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР і святкаваўся 27-га ліпеня.

«27 ліпеня – гэта дата, якая была натуральна звязана з набыццём Беларуссю незалежнасці, а ў дзяржаўным дыскурсе гэтая дата была не вельмі, таму што яна апелявала наўпрост да дэмакратычных каштоўнасцяў, нацыянальнай ідэнтычнасці і г. д. Дзяржава ж выкарыстоўвала наратыў там другой сусветнай вайны, перамогі ў другой сусветнай вайне», – тлумачыць аналітык цэнтру «Еўрапейская трансфармацыя» Андрэй Ягораў.

Які сэнс у Дзень Незалежнасці ўкладаюць самыя беларусы, мы запыталіся на вуліцах Берасця:

«Ой дай бог узгадаць гісторыю праз столькі гадоў».

«Ну гэта дзень незалежнасці Беларусі ад фашысцкіх акупантаў».

«Няма ніякай даты для мяне».

«Вось ідзеш спакойна, нікога няма, ніхто цябе не чапае«. Канешне, незалежнасць ёсць нейкая. Ёсць праца, хто жадае працаваць, той працуе».

«Гэта тое, што мы незалежныя, тое, што мы свабодныя людзі.

«Гэта вызваленне Менску перш за ўсё».

Тэма нямецкіх захопнікаў як ніколі актуальная для сучасных беларускіх уладаў. Якраз напярэдадні Лукашэнка застрашыў, што выставіць прэтэнзіі канцлеру Нямеччыны. Паводле яго, нібыта хтосьці на прозвішча Хофман з тэрыторыі Нямеччыны кіруе радыкаламі ў Беларусі.

Святлана Ціханоўская таксама зрабіла гучны зварот у сувязі з афіцыйным святам: «Ці маглі нашыя дзяды ў 1944 годзе ўявіць, што праз 77 год Беларусь зноўку апынецца пад акупацыяй. Але ўжо не чужой дзяржавай, а сваёй…

Акупанты, якія збіваюць беларусаў, перапісваюць гісторыю і скажаюць нацыянальныя сімвалы – і ў той жа час крывадушна ладзяць салюты ў дзень незалежнасці».

Палітычны пераслед жыхароў Беларусі ўзмацніўся пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў 9-га жніўня. Беларусы выйшлі на вуліцы, каб выказаць мірны пратэст супраць афіцыйных вынікаў галасавання, за што пераследуюцца дагэтуль. Прагу беларусаў да свабоды і дэмакратыі падтрымаў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

«Сёння спаўняецца 77 гадоў са дня заканчэння жорсткай акупацыі Менску нацысцкай Нямеччынай. Гэта нагадвае нам пра змаганне беларусаў за светлую будучыню, якое дагэтуль працягваецца. Народу Беларусі: Злучаныя Штаты падтрымліваюць вашае імкненне да годнасці, свабоды й дэмакратыі. Жыве Беларусь!», – напісаў Энтані Блінкен у сваім Twitter.

Толькі за чэрвень суды вынеслі не менш за 125 прысудаў у палітычна матываваных крымінальных справах. Колькасць палітвязняў у месцах зняволення сёння складае амаль 530 чалавек.

«Самая вялікая праблема беларускай незалежнасці – гэта тое, што Беларусь кіруецца аўтарытарным рэжымам, які не абраны беларускім народам, і што грамадзяне Беларусі, народ Беларусі не кантралююць беларускую дзяржаву і беларускі ўрад, беларускую палітыку», – кажа Андрэй Ягораў.

Афіцыйныя мерапрыемствы на Дзень незалежнасці прайшлі ва ўсіх гарадах Беларусі. Выстаўленыя сцэны, пункты харчавання, пасты аховы і вайсковая тэхніка – усё ў чырвона-зялёных колерах. Публіку забаўляюць артысты. Наведнікаў на ўсіх гэтых імпрэзах стала заўважна меней. Напярэдадні 3-га ліпеня мы запыталіся ў беларусаў, ці збіраюцца яны ісці на афіцыйныя святы:

«Не, ну не прынята ў моладзі, напэўна, і ўсё».

«Не тое, каб не свята, проста неяк не адзначаю і ўсё».

«Розныя святкаванні – туды ходзім».

«Асоба нікуды не хаджу і не далучаюся, скажам так».

На 11-ую гадзіну вечару запланаваны салют. У Менску яго запусцяць з шасці пунктаў: парк імя Уга Чавэса, парк імя М. Паўлава, парк Перамогі, набярэжная вадасховішча Дразды, пляцоўка ў «Чыжоўка-Арэне» і ля Нацыянальнай бібліятэкі. Сёлета святочны феерверк абышоўся бюджэту ў 265 тысяч рублёў.

Ірына Карніенка, Белсат