Лукашэнка хоча паслабленняў санкцыяў, але Еўразвяз увёў новы пакет


Замест паслабленняў – новыя санкцыі. Еўразвяз увёў чарговы пакет абмежаванняў супраць Расеі, якія закранулі і Беларусь. Ад SWIFT адлучаюць «Белінвестбанк», дзе маюць рахункі 15 адсоткаў беларусаў. Раней у лютым банк трапіў пад санкцыі ЗША.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«З канца лютага нашыя карты не працуюць за мяжою. Нельга плаціць на сайтах, нават на беларускіх сайтах яны не працуюць», – тлумачаць на інфалініі «Белінвестбанку».

Пераводы з банку магчымыя толькі ў Расею і толькі ў расейскіх рублях акурат праз сістэму SWIFT. Што будзе далей, на інфалініі пакуль не кажуць.

«Банкі – гэта не тое, што любіць жыць у стане напружанасці і нявызначанасці. Гэта тое, што любіць спакой і прадказальнасць. Нават у такім выглядзе, дзе гэты пакет санкцыяў не надта скіраваны супраць беларускай банкаўскай сістэмы, відавочна, больш па Расеі б’юць, па “Сбербанку”, нават у такім выглядзе ён беларускую банкаўскую сістэму будзе напружваць», – мяркуе аналітык BISS Вадзім Мажэйка.

Таксама ў Еўразвязе пашырылі персанальны санкцыйны спіс: у яго трапілі суддзя Мікалай Доля і пракурор Дзяніс Мікушаў, якія асудзілі палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Арцёма Сакаву, Дзмітрыя Папова, Уладзіміра Цыгановіча. Заўважылі ў Бруселі прапагандыстаў Ігара Тура, Людмілу Гладкую і Рыгора Азаронка, старшыню ЦВК Ігара Карпенку, сыноў тытунёвага алігарха Аляксея АлексінаДзмітрыя і Віталя, блізкага да Лукашэнкі сербскага бізнесоўца Багалюба Карыча ды іншых. Знайшоўся ў спісе і гендырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, які ў жніўні публічна абяцаў, што не звольніць з прадпрыемства ніводнага затрыманага на пратэстах працаўніка.

Лукашэнка ж, наадварот, разлічвае, што краіны Захаду аслабяць санкцыі. Узурпатар стэлефанаваўся з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам і прапанаваў дазволіць транзіт украінскага зерня праз Беларусь узамен за адмену абмежаванняў супраць беларускай прадукцыі. Яшчэ напярэдадні гэтую ідэю пракаментаваў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа:

«Не бачу ніводнай прычыны, праз якую беларускі рэжым павінен ацэньвацца больш пазітыўна. Нават наадварот: пасля ацэнкі іх паводзінаў за апошні час я думаю, што мы павінныя захаваць прынцыповую пазіцыю, не можа быць ніякіх размоваў пра змякчэнне санкцыяў у дачыненні Беларусі. Гэта дзяржава, якая заадно з Расеяй».

Літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс нагадвае: санкцыі супраць рэжыму ўводзіў увесь Еўразвяз за канкрэтныя дзеянні:

«Пытанне палітвязняў, пытанне рэпрэсіяў, пытанне як бы ўдзелу беларускага рэжыму ў нападзе супраць Украіны застаецца. У гэтым плане, калі гаварыць, то трэба глядзець на ўвесь пакет, і гэта абмяркоўваць з беларускім рэжымам, калі яны на гэта гатовыя».

Узурпатар хоча стол перамоваў з прадстаўнікамі краінаў Балтыі ды Украіны. Аднак Кіеў таксама не гарыць жаданнем накіраваць сваё збожжа ў Беларусь.

«Кіеў таксама не зацікаўлены ва ўмацаванні рэжыму Лукашэнкі. Нават калі ўявіць, што Лукашэнка дамовіцца з Гутэрышам, нават калі ўявіць, што Лукашэнка дамовіцца з краінамі Балтыі, хоць мякка кажучы, наўрад ці, то можа стаць праблема з Украінаю», – кажа аналітык BISS Вадзім Мажэйка.

Цяпер жа Украіна настойвае, што для транспартавання збожжа неабходна разблакаваць порт у Адэсе. Разам з тым, аналітык Вадзім Мажэйка зазначае: Лукашэнка не можа дыктаваць сваіх умоваў, хоць ягоная параза не гарантаваная.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»