Спробы запужаць не працуюць


Спачатку санстанцыя, а пасля АМАП. Гэткія нечаканыя візіцёры прыйшлі ў гарадзенскую краму «Адметнасць». У саставе групы ў тым ліку былі кіраўнік гарадзенскага АМАПу Віктар Краўчэвіч і намеснік начальніка аддзелу аховы парадку Ленінскага РАУС Аляксей Вайцешык.

Вядома, што з крамы забралі тавары белага і чырвонага колераў, а працаўніцу крамы Вольгу Верамеенка затрымалі. Таксама бліжэй да вечару АМАП заблакаваў рэдакцыю парталу «Hrodna.life».

Ад паўтара года «хатняй хіміі» да аднаго года калоніі – такі прысуд агучыў берасцейскі суддзя Яўген Брэган для пятай групы ў так званай «карагоднай справе». 13 берасцейцаў пакаралі за карагод на скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і праспекту Машэрава 13-га верасня.

«Усе гэтыя суды – фармальнасць, абсалютна палітычныя справы – ну, канвеер запусцілі рэпрэсіяў, таму вось трапілі пад яго. Былі людзі, якія пагадзіся са сваім выракам, нехта цалкам, нехта часткова. Я ўсіх людзей разумею, тут ідзе на мінімізацыю шкоды для сябе», – кажа адзін з асуджаных за ўдзел у карагодзе Андрэй Аніскевіч.

Андрэю далі паўтара года «хіміі» з накіраваннем. Сваёй віны ён не прызнаў і збіраецца цягам 10-ці дзён абскардзіць гэты прысуд:

«Надзея, што тут хутка усё зменіцца, і ў мяне не надзея – у мяне ўпэўненасць, і ўсё будзе добра. Я свайго выраку не баюся абсалютна, не страшна».

Абаронца плошчы Пераменаў Сцяпан Латыпаў, які ў судзе ўваткнуў сабе асадку ў горла, застаецца ў палаце медычнай часткі СІЗА.

Паводле сваякоў Сцяпана, стан палітвязня здавальняючы, перадачу з лекамі для яго прынялі. Сцяпану апрацоўваюць і перавязваюць рану на шыі, а таксама колюць антыбіётыкі для далечвання постковіднай пнеўманіі. Судовы працэс плануюць аднавіць 10-га чэрвеня. Пра спробу суіцыду Латыпава выказалася Міністэрства замежных справаў Нямеччыны.

«Гэта шакуе і сімвалізуе безнадзейнасць, у якую Лукашэнка занурае беларусаў з дапамогаю рэпрэсіяў і жорсткага гвалту. Вось чаму дарэчна зноў заявіць пра нашае патрабаванне, а менавіта: вызваліць усіх палітзняволеных, перайсці да нацыянальнага дыялогу і правесці свабодныя, сумленныя і законныя выбары», – заявіла прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Нямеччыны Марыя Адэбар.

Рэдактарку спецпраектаў сайту Hrodna.life Ірыну Новік пакаралі штрафам 25 базавых. Яе абвінавацілі паводле адміністратыўнага артыкулу – нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Выязны суд адбыўся ў Ленінскім РАУС Горадні. Перад гэтым журналістка двое содняў правяла ў ізалятары Гарадзенскай турмы нумар 1. Умовы былі жорсткія – з 6-й раніцы і да 10-й вечара жанчыне забаранялі сядаць, не давалі чытаць.

«Ужо з РАУС мяне адправілі ў турму. Я не ведаю, чым гэта выклікана, магчыма, гэта акцыя запалохвання ўсіх астатніх. Або вырашылі, што я такая небяспечная, што калі раптам мяне на двое содняў пакінуць на волі, то я тут учыню які-небудзь экстрэмізм», – журналістка Hrodna.life Ірына Новік.

Восем месяцаў у СІЗА чакаюць судовага выраку чатыры палітвязні – браты Тамаз і Цімур Піпія, а таксама Дзяніс Болтуць і Віталь Шышлоў. З Віталём Шышловым МУС апублікавала класічны ролік з пакаяннем. На відэа рукі мужчыны звязаныя за спінай, а сам ён у нейкім лесе.

«Мы выходзілі, перакрывалі дарогі, махалі сцягамі, крычалі аб тым, чым мы не задаволеныя», – сказаў Віталь на відэа.

Усіх чатырох вінавацяць у актыўным удзеле ў масавых беспарадках летась у жніўні і верасні. Пацярпелымі ў справе праходзяць двое міліцыянтаў. Міліцыянты ў цывільным перашкаджалі працы журналістаў у будынку суда. А сябры абвінавачаных паведамілі, што гэтай справай таксама зацікавіўся ГУБАЗіК.

Ірына Карніенка, Белсат