Справа Рамана Пратасевіча


На дзяржаўным тэлеканале ОНТ выйшла праграма з удзелам Рамана Пратасевіча. Але судзячы па ўсім гэта відэа не мае нічога агульнага з добраахвотным інтэрв‘ю, бо Раман – арыштаваны КДБ, абвінавачаны ў тэрарызме, ён пазбаўлены свабоды і не можа сысці са студыі.

Дзеля затрымання Пратасевіча і ягонай дзяўчыны Сафіі Сапегі спецслужбы і вайскоўцы, верныя Лукашэнку, прымусова пасадзілі пасажырскі рэйс Афіны-Вільня.

Вярхоўная Рада Украіны асудзіла інцыдэнт з прымусовай пасадкаю самалёта «Ryan Air» у Менску і затрыманнем Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі. Супраць прагаласавалі толькі прадстаўнікі прарасейскай апазіцыі, звязанай з алігархам Віктарам Медзведчуком.

Таксама сёння неадкладнага вызвалення Пратасевіча запатрабавалі нямецкія дзеячы культуры. Асацыяцыя нямецкіх выдаўцоў і кніжных гандляроў, разам з ПЭН-цэнтрам Нямеччыны, Саюзам пісьменнікаў і іншымі аб’яднаннямі звярнуліся да федэральнага ўраду з просьбаю падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.

А беларускія дзяржаўныя медыі распаўсюджваюць матэрыялы КДБ з допытаў Пратасевіча, апублікаваныя каналам ОНТ пад назвай «Фільм-расследаванне».

«Цяпер трэба адмовіцца ад той вулічнай актыўнасці, што была раней. Ад тых фарматаў, у якіх мы працавалі. Бо цяпер актыўнасці проста няма. Яе цяпер не можа быць», – кажа Раман Пратасевіч на допыце.

Пратасевіча стваральнікі відэа называюць тэрарыстам.

«Мы на відэа дакладна бачым – аператыўныя здымкі. Калі вядзецца следства – як тады таямніца следства? Калі аператыўныя здымкі, чаму не быў запрошаны наш адвакат?» – абураюцца Наталля і Дзмітрый Пратасевічы, бацькі Рамана.

Стваральнікі відэа паўтараюць афіцыйную версію спецслужбаў, што рэйс Афіны – Вільня пасадзілі ў менскім аэрапорце з прычыны э-мэйла пра бомбу, нібыта ад тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС. І што э-мэйл нібыта прыйшоў да таго, як дыспетчар звярнуўся да пілотаў «Ryan Air», і яго нібыта атрымалі розныя аэрапорты – што нічым не пацверджана. Але галоўны тэзіс – нібыта Рамана Пратасевіча падставіў хтосьці са сваіх, і ён выпадкова трапіў у рукі КДБ.

Дзяржаўны тэлеканал сцвярджае, што аб прысутнасці Пратасевіча КДБ-шнікі не ведалі, пакуль пра гэта не напісаў у сацыяльныя сеткі Франак Вячорка.

«Я бачу толькі цытаты, якія нарэзалі ОНТшнікі, лукашэнкаўскія спецслужбы, і паставілі ў патрэбным ім святле. Іх задача – дзяліць, сварыць, напаўняць інфармацыйную прастору шлакам, каб ніхто нікому не давяраў», – кажа Франак Вячорка.

Дарадца Святланы Ціханоўскай нагадвае, што Раман Пратасевіч і Сафія Сапега – закладнікі рэжыму Лукашэнкі:

«Усё, што адбываецца ў турме, на допытах, без адваката… Невядома, якім чынам гэтыя здымкі здабытыя – гэта ўсё патрабуе дадатковай праверкі».

«Мы патрабуем незалежную медычную экспертызу на гвалтоўныя дзеянні, якія з ім зрабілі. І гэта дакладна было бачна на першым відэа. Дагэтуль медыкаў да яго не дапусцілі», – кажуць бацькі Рамана.

Яны звяртаюць увагу, што твар Рамана на відэа размыты, а на руках відаць чорныя сляды ад кайданкаў.

Ініцыятыва «Бай-Пол» апазнала на гэтым відэа падпалкоўніка міліцыі Івана Тарасіка, які раней распрацоўваў крымінальную справу Сяргея Ціханоўскага, і кабінет ягонага начальніка палкоўніка Міхаіла Бедункевіча. Гэта працаўнікі ГУБАЗіК – асновы міліцэйскага апарату для барацьбы з палітычна нелаяльнымі людзьмі.

Што да асноўнай версіі КДБ пра выпадковы перахоп самалёта, то яна супярэчыць паведамленням Нацыянальнай выведнай службы Грэцыі і прадстаўніка Міністэрства ўнутраных справаў. Яны распавялі, што ў Афінах за Раманам Пратасевічам яшчэ з 9-га траўня сачылі людзі з расейскімі пашпартамі. Таксама тры грамадзяніны Расеі – пасажыры таго авіярэйсу – засталіся ў Менску пасля прымусовай пасадкі самалёта.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».