«Нафтан» спыніцца – Беларусь адкажа ЗША санкцыямі


«Нафтан» – волат нафта перапрацоўкі Беларусі – спыніцца! Так лічаць у стачкаме прадпрыемства, якое ў ліку дзевяці прадпрыемстваў якія ад сёння зноў пад санкцыямі ЗША. Паводле розных ацэнак, Беларуская эканоміка можа страціць да траціны экспарту.

На захады Вашынгтону Менск адказаў у ўзмацненнем жорсткасці візавых працэдураў і абмежаваў лік дыпламатаў. Як будуць дзеяць абмежаванні і ці чакаць ад іх вынікаў?

Бензіны, дызпаліва, распушчальнікі, алеі… Больш за палову прадукцыі беларускага «Нафтану» экспартавалася пераважна ў краіны Еўразвязу ды Украіну. У еўрапейскіх партнёраў заводу было 6 тыдняў на згортванне супрацы. У тэрміны ўклаліся не толькі гандлёвыя партнёры, – кажа Ігар Валяеў са стачкаму прадпрыемства:

«Гэта датычыць і прадпрыемстваў, якія рабілі канструкцыю, якая ў нас даўно зацягнутая на «Нафтане». На гэтым рэжым рабіў дастаткова шмат грошай. Гэтыя кампаніі цяпер адмаўляюцца супрацоўнічаць з «Нафтанам» і закрываюць свае прадстаўніцтвы на «Нафтане».

Пра санкцыі ў адказ на палітыку беларускай улады ў дачыненні да апанентаў Вашынгтон абвясціў 23 красавіка. «Нафтан» ушчыльную заняўся заключэннем хуткіх угодаў і паставіў вытворчасць на максімум, каб да 3-га чэрвеня прадаць як мага больш нафтапрадуктаў.

«З аднаго боку нафты няма. З іншага боку – павелічэнне перапрацоўкі відавочна паказвае, што завод збіраецца спыняцца. Рыхтуецца да спынення і, відаць, працяглага. Атрымліваецца, тое што ў свой час не змаглі зрабіць стачнікі (не змаглі спыніць завод), зробяць санкцыі», – кажа Ігар Валяеў.

Спыненне вытворчасці або падзенне аб’ёмаў, а значыць – прыбыткаў, чакае і іншыя прадпрыемствы галіны. Санкцыі ЗША дзеюць супраць шэрагу прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім». Гэта «Белшына», «Гродна Азот», «Гроднахімвалакно», «Лакафарба», «Полацк-Шкловалакно». Плюс «Беларускі нафтавы гандлёвы дом».

Ад уведзеных у 2008-ым годзе і адмененых пасля вызвалення палітвязняў… новыя эканамічныя абмежаванні адрозніваюцца. Дзейнічаюць яны таксама ў дачыненні арганізацыяў і фізічных асобаў трэціх краінаў, якія супрацоўнічаюць з субʼектамі з амерыканскага і еўрапейскага санкцыйных спісаў.

Загваздка ў тым, што Расея можа гандляваць беларускай санкцыёнкаю, – нагадвае Яраслаў Раманчук.

«Калі будуць сектаральныя санкцыі, то яны закрануць траціну беларускага экспарту. Я думаю, што такога стрэлу беларуская эканоміка не вытрымае. Але калі гэта будзе як заўсёды, то скажам – «так, ЗША свой маральны абавязак выканалі, і не больш», – кажа ён.

Еўразвяз, які дапускаў прыняцце ў чацвёртым пакеце таксама сектаральных санкцый, у асобе канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель ужо зрабіў папраўку – санкцыі будуць кропкавыя. Чацвёртага чэрвеня ж Еўразвяз ухваліць санкцыі супраць беларускіх авіякампаніяў – паведаміла агенцтва «Bloomberg» са спасылкай на крыніцы ў дыпламатычных колах. Далей – шырэй:

«На пачатку наступнага тыдню Еўразвяз будзе абмяркоўваць прапановы аб санкцыях у дачыненні да прынамсі сямі фізічных асобаў і адной арганізацыі. У цяперашні час санкцыйны спіс, які абмяркоўваецца, уключае міністраў, прадстаўнікоў ВПС Беларусі і іншых звязаных з авіяцыяй асобаў».

У Беларусі супраць санкцыяў выказваюцца прыхільнікі Лукашэнкі. Праціўнікі – найчасцей вітаюць падыход заходнікаў. Апытвалі жыхароў Віцебску:

«На гэты момант санкцыі – гэта максімум што можа зрабіць Еўропа дзеля таго, каб хоць неяк нармалізаваць сітуацыю. Бо апроч беларусаў тут ніхто нічога не зробіць, баюся».

«Кожны, як звычайна, па-свойму мае рацыю і заўжды будзе некалькі пунктаў гледжання».

«На пасадку самалёту рэакцыя ж мусіла быць ад Еўропы».

На працягу больш чым паўгода прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці Беларусі, палітычныя эмігранты і ўцекачы дамагаліся санкцыяў, адчувальных для беларускай улады. Але сапраўды маланкавую рэакцыю Захаду выклікала спецаперацыя з захопам у Беларусі еўрапейскага рэйсу «Ryanair».

Юлія Цяльпук, «Белсат»