Сяргей Калацэй: «Спыніцеся, я не ваенны злачынец!»


«Спыніцеся, я не ваенны злачынец!» – заклік беларуса Сяргея Калацэя, якога Генпракуратура Украіны публічна падазрае ў забойствах і катаваннях мірных жыхароў ва ўкраінскай Бучы. Падазраваны жыхар Мазыру наракае на тое, што супраць ягонай сям’і распачалася траўля, а сам ён – два гады не пакідаў Беларусь. «Белсат» даведаўся, на якіх падставах следства высунула падазрэнні і што пагражае беларусу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аказаўся не ў той час не ў тым месцы – цвердзіць жыхар Мазыра Сяргей Калацэй, якога некаторыя медыі ўжо ахрысцілі «Бучанскім катам», калі Генпракуратура Украіны апублікавала падазрэнні ў забойстве ім прынамсі чацвярых мірных жыхароў Бучы.

«Я да ўсяго гэтага не маю ніякага дачынення… За межы Рэспублікі Беларусь я не выязджаў больш за 2 гады! З мяне зрабілі ваеннага злачынца, хоць я да Узброеных сілаў не маю ніякага дачынення. Так атрымалася, што я нават у войску не служыў!» – піша падазраваны.

Сяргея Калацэя назвалі «камандзірам аддзялення Упраўлення федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі Расеі па Ульянаўскай вобласці. Скандальны матэрыял пра беларуса другога траўня апублікавала ўкраінскае «Следства інфо».

«На просьбу Пракуратуры мы дапамаглі ідэнтыфікаваць падазраванага па скрыншоце з відэазапісу, а таксама знайшлі больш інфармацыі пра яго», – кажа суаўтар расследавання.

«Следства інфо» ідэнтыфікавала Сяргея Калацэя па відэа з камераў назірання на пошце ў Мазыры – беларускім горадзе, дзе мужчына пражывае. Справа ў тым, што менавіта з гэтага аддзялення марадзёры, якія вярнуліся з Расеі, адпраўлялі нарабаванае ва Украіне сваім блізкім на радзіму. Калацэй у той жа час адпраўляў ва Ульянаўск аўта-запчастку.

Журналіст «Белсату» раней датэлефанаваўся па ўказаным для курʼера нумары атрымальніка пасылкі:

«Сяргея Аляксандравіча я не ведаю і ведаць не хачу. Ніякіх пасылак я не атрымліваў і атрымліваць не буду, таму што мне ніхто нічога не адпраўляў. Я яго не ведаю і ведаць не хачу. Хутчэй за ўсё гэта памылка нейкая. Не ведаю. І я не з Ульянаўску».

«Беларускі Гаюн» аднак атрымаў пацверджанне дастаўкі пасылкі асобе з адрасам ва Ульянаўску і нумарам абаненту, з якім мы размаўлялі. З пазнакаю «РЭПОСТ» Сяргей Калацэй апублікаваў у сацсетках скрыншот абвесткі аб продажы вечка, датаванай 19-ым сакавіка – яшчэ да падзеяў у Бучы. У паведамленні напісаў:

«Я сапраўды адпраўляў вечка багажніка з беларускай пошты ў Расею незнаёмаму мне чалавеку! Гэта вечка ад майго аўта, абʼява аб продажы якой была апублікаваная яшчэ да пачатку падзеяў у горадзе Буча! На сённяшні дзень мая старонка “уКантакце” ўзламаная! Да мяне і маіх блізкіх паступаюць пагрозы! Прашу вас, спыніцеся!»

Грамадскага рэзанансу пазбегчы складана, самаабарона падазраванага – натуральная, а Генпракуратура Украіны мусіла мець дастаткова доказаў супраць падазраванага – лічыць Руслан Сушко – былы старэйшы следчы ў асабліва важных справах Следчага ўпраўлення МУС Украіны:

«Я сумняюся, што пракуроры і следчыя, якія паважаюць сябе, абмежаваліся б толькі такімі следчымі дзеяннямі, як допыт і апазнанне. Відавочна, што мусяць быць нейкія іншыя доказы. У тым ліку відэа. У тым ліку матэрыялы і дакументы, атрыманыя ў выніку выведкавай работы».

Зместу гэтых матэрыялаў грамадскасці не пакажуць да суда – перакананы палкоўнік міліцыі ў адстаўцы. Імавернасць памылкі экспертаў, следчых і пракурора лічыць нізкаю.

«Ва Украіну з усяго свету прыбыла вялікая колькасць спецыялістаў у галіне расследавання злачынстваў. Пры наяўнасці дапамогі і наяўнасці дастаткова кваліфікаванай выведкі – спецыяльных аператыўных службаў і не толькі ўкраінскіх», – заявіў Руслан Сушко.

Гаворка пра адную са справаў аб злачынствах сусветнага маштабу, якая ў свой час трапіць у міжнародны трыбунал.

Экс-кіраўнік спецрасследаваннямі Генпракуратуры Украіны Сяргей Гарбацюк звяртае ўвагу:

«Трэба быць у такіх справах, якія выходзяць на сусветны ўзровень, вельмі асцярожным у верыфікацыі злачынстваў і тым больш у падазрэннях канкрэтным асобам. Пераканаўчыя ці не пераканаўчыя доказы, але ёсць супраць гэтага грамадзяніна».

Генеральны пракурор Украіны сёння зноў прамовіла, што Сяргей Калацэй забіў чатырох бяззбройных мужчынаў у Бучы і прынамсі аднаго – катаваў. «Следства інфо» у сваім матэрыяле паказала імаверны момант аднаго з забойстваў. «Белсат» запісаў каментар Ірыны Вэнэдзіктавай.

«Мы цудоўна разумелі, хто ў нас будзе падазраваным. Мы вельмі старанна да гэтага падыходзілі. Пытанне не ў тым, хто ў арміі агрэсара якое мае грамадзянства. Для нас пытанне, ці маем мы дастаткова доказаў, што тая асоба, быўшы вайскоўцам РФ, забівала… У нас, дзякуй Богу, ёсць асобы, якія сведчаць», – рэзюмавала Вэнэдзіктава.

Калі Сяргей Калацэй хоча, хоць і не мусіць, даказаць сваю невінаватасць, можа ўжо цяпер заручыцца падтрымкаю адваката. Весці перапіску і браць удзел у працэсе ва Украіне абаронца можа без свайго кліента.

Юлія Цяльпук, «Белсат»