Палітычны пераслед не спыняецца. Судовыя вынікі панядзелка


Да шасці гадоў зняволення. Гэткі тэрмін пагражае жыхарцы Віцебску Таццяне Туравец. У лютым у горадзе адбыўся шэраг ператрусаў. Прыйшлі сілавікі і да Таццяны. Цяпер жа сцвярджаюць у судзе, што ў тую ноч ва ўласнай кватэры жанчына іх абражала і нанесла пашкоджанні. Аднаго нібыта ўкусіла, другому пракусіла пальчатку, трэцяга ўдарыла нагой у галаву. Усё, калі Таццяну клалі на падлогу, каб надзець кайданкі.

«Прыходзілі яны нібыта шукаць наркотыкі ў яе дачкі, Ангеліны. Але нейкім чынам трапілі да маці. І што вось здзіўляе: гэты вобшук быў сярод ночы», – дзеліцца меркаваннем Аляксей, які прыйшоў падтрымаць Таццяну.

Пасля ператрусу жанчыну затрымалі на 72 гадзіны. Аштрафавалі на 870 рублёў паводле адміністратыўных артыкулаў, а потым завялі крымінальную справу. Пацярпелыя – чацвёра працаўнікоў Віцебскага РАУС: Сяргеенка, Саўчанка, Шутаў і Філіпенка.

Менчука, палітвязня Аляксандра Раентава пракурор Таратынка ў судзе Фрунзенскага раёну абвінавачвае ў парушэнні працы грамадскага транспарту. Вядзе працэс суддзя Млечка. Да таго ж абвінавачанне сцвярджае, што Аляксандр быццам бы праз тэлеграм-канал «Палігон» вучыў іншых, як парушаць грамадскі парадак і сыходзіць ад адказнасці. Таксама мужчыну вінавацяць у непадпарадкаванні сілавікам 29-га жніўня: Хомічу, Агіевічу і Свядышу. У той дзень Аляксандра жорстка затрымалі разам з сястрой. Жанчыне далі 8 месяцаў калоніі.

18-гадовага Мацвея Будніцкага пакаралі двума гадамі «хіміі» адкрытага тыпу. Віну маладзён прызнаў і раскаяўся. Справу разглядала суддзя Першамайскага раёну Менску Настасся Кулік. На пачатку кастрычніка хлопец са сцягам і рупарам у калоне пратэстоўцаў рухаўся ад стэлы на Нямізе да жыллёвага комплексу «Каскад». Выхад на праезную частку палічылі перашкодай для працы грамадскага транспарту. Пазоў на карысць «Менсктрансу» – каля 18 тысяч рублёў.

«Адвакат гэтага маладога хлопца намагаўся нешта зрабіць, паменшыць суму, не аднойчы падымалася тэма, што сума наўпрост узялася аднекуль, ніхто не бачыў аніякіх разлікаў», – кажа Настасся Рамановіч, якая прыйшла падтрымаць Мацвея Будніцкага.

«Хімію» адкрытага тыпу атрымала і жыхарка Воршы Лідзія Папова. На тэрмін год і 6 месяцаў. Суддзя Юлія Вяршыніна палічыла яе вінаватай у паклёпе на старшыню выбарчай камісіі Таццяну Аланцьеву.

Год і дзевяць месяцаў калоніі агульнага рэжыму суддзя суда Маладзечанскага раёну Дубовік даў Сяргею Шабуню і Паўлу Федункевічу. Нібыта ў лістападзе яны хацелі паспрабаваць схему замыкання рэек на чыгунцы праз тросік. Гэткі спосаб пабачылі ў тэлеграм-канале. Следчыя разгледзелі ў гэтым палітычны матыў. Віну абодва прызналі.

Надзея Бельская, «Белсат»