230 год першай у Еўропе Канстытуцыі


Пяць прэзідэнтаў Польшчы, Літвы, Украіны, Латвіі і Эстоніі ў Варшаве. Адзначаюць 230 гадоў Канстытуцыі – першай у Еўропе і другой у свеце. 3 траўня 1791 года прынялі Канстытуцыю Рэчы Паспалітай абодвух народаў – кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага. Дакумент не ўратаваў нашай гістарычнай дзяржавы ад разарвання паміж суседзямі – Расеяй, Прусіяй ды Аўстра-Венгрыяй. Але галоўны закон заклаў падмурак для развіцця дэмакратыі ў Еўропе. Бракавала на ўрачыстасцях прадстаўніка Беларусі. Але нашыя суседзі пра нас не забыліся. Яны падкрэслілі важнасць вяртання Беларусі ў сям’ю еўрапейскіх краінаў.

Святкаванне 230-й гадавіны прыняцця першай у Еўропе канстытуцыі пачалося з прамоваў польскага і літоўскага прэзідэнтаў у сейме Польшчы.

Нацыянальны гімн, узняцце бела-чырвонага сцяга. У каралеўскім замку Варшавы, дзе 3 траўня 1791 года польска-літоўскі парламент ухваліў канстытуцыю, апроч польскага істэблішменту прысутнічаюць прэзідэнты Літвы, Украіны, Латвіі ды Эстоніі. Няма толькі прадстаўнікоў Беларусі. Тэрыторыі ўсіх шасці краінаў некалі ўваходзілі ў адзіную Рэч Паспалітую. Дзяржавы абʼядноўвае агульная гісторыя, а цяпер – памкненне захаваць незалежнасць і свабоду для ўсіх.

«Мы таксама ведаем, што гэтае вялікае жаданне падзяляюць і нашыя сябры з Беларусі. Мы згодныя з тым, што яны маюць права надаць сваёй свабодзе і еўрапейскім памкненням рэальную форму як мага хутчэй», – адзначыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Нашая краіна пакутуе не толькі ад парушэння правоў чалавека беларускімі ўладамі. Пагрозу для незалежнасці як Беларусі, гэтак і Украіны бачаць далей на ўсходзе, у Расеі, якая намагаецца ўсталяваць свой кантроль, – адзначыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Дапамагчы, на ягоную думку, можна ў тым ліку праз развіццё праграмы «Усходняе партнёрства».

«Наш абавязак – зрабіць так, каб гістарычна блізкія народы Украіны і Беларусі змаглі атрымаць асалоду ад пладоў свабоды, незалежнасці і дэмакратыі. У мінулым яны належалі да агульнай сямʼі еўрапейскіх краінаў, і я веру, што так будзе і ў будучыні», – заявіў Гітанас Наўседа.

Прэзідэнты падпісалі дэкларацыю аб супрацы. У дакуменце падкрэсліваецца: «Мы разумеем і падтрымліваем памкненні ўсіх нацыяў рэгіёну, з якімі нашыя народы маюць агульны гістарычны лёс і якія сёння, як і мы, імкнуцца карыстацца перавагамі свабоды і дэмакратыі, смела патрабуючы павагі да сваіх правоў».

Аб падтрыманні Беларусі ў барацьбе за дэмакратыю і свабоду заявілі таксама напярэдадні – падчас перамоваў у Вільні – польскі і літоўскі прэмʼеры.

«Мы звязаныя гістарычна з Беларуссю, з Украінай. Жылі доўга ў адной дзяржаве. У нас вельмі моцныя культурныя сувязі. Гэта калісьці былі нашыя суайчыннікі, таму нашым краінам вельмі важна. 354 І калі ў 1791 годзе, калі была прынятая Канстытуцыя 3 траўня, гэта распаўсюджвалася на тэрыторыю Украіны», – кажа дэпутат Сейму Літвы Валда Ракуціс.

«Нам вельмі важна, каб там развіццё ішло ў добры бок, каб беларусы лепш жылі. Менш радыкалізаваліся. 023 Важна, каб Беларусь была незалежная ад Расеі, і гэта нашая традыцыйная пазіцыя», – падкрэслівае дэпутат Сейму Літвы Томас Тамілінас.

Афіцыйны Менск не ўзгадвае пра Канстытуцыю 3 траўня, якая сталася падмуркам дэмакратыі ў Еўропе. Цяпер улады занятыя рыхтаваннем чарговай рэдакцыі Асноўнага закону.

Ігар Станкевіч, «Белсат»