У красавіку ў Менску пачнуць усталёўваць кантэйнеры для збору пратэрмінаваных лекаў

«Мы бярэм вось так: папяровую выкідаем, а таблеткі пойдуць сюды, яны пойдуць у паліклініку ў кантэйнер». Вераніка Яновіч разам са сваімі суседзямі сартуюць смецце. Паасобна збіраюць і пратэрмінаваныя лекавыя прэпараты, якія здаюць у спецыяльныя кантэйнеры ў 40-й паліклініцы ці кавярні «TIDEN».

«Калі мы з’ехаліся, усе свае аптэчкі перагледзелі, у каго якія былі ўласныя. І вось тут – гэта за год, вось толькі атрымалася. Вырашылі, яна набярэцца, і мы асобна блістэры, асобна таблеткі завязем. Насамрэч, таблеткі можна не даставаць з блістэраў», – распавядае Вераніка Яновіч, экалагічная актывістка.

Для экалагічнай трэнеркі Таццяны Сушко збор лекавых сродкаў стаў справаю прафесійнага гонару. Хоць яна прызнаецца, што гадоў пяць таму змывала іх у каналізацыю, як і большасць людзей.

«Кінула покліч: «Сябры, гатовая сабраць у вас лекі, сама завязу іх у паліклініку». Так і атрымалася. Нават сёння з сабою ўзяла. Гэта адзін чалавек мне здаў, мой калега: пратэрмінаваныя лекі і непатрэбныя, якія засталіся ў яго пасля нейкай хваробы. Гэта норма толькі аднаго чалавека», – дэманструе пакеты з лекамі экатрэнерка Таццяна Сушко.

Паводле агляду Цэнтру экалагічных рашэнняў, падрыхтаванага на даследаванні 2016 года, практычна ў кожнага беларуса, 97 %, ёсць таблеткі ў аптэчцы, амаль палова з іх мае больш за 10 упаковак. У больш як 14 % насельніцтва таблеткі прыходзяць у непрыгоднасць праз пратэрміноўку.

«Непатрэбныя ці старыя лекі людзі выкідаюць. Гэта таксама праблема, бо мы схільныя набываць больш, чым нам патрэбна, мы схільныя набываць бескантрольна, безрэцэптурна, і адпаведна пасля гэта аказваецца не патрэбным, і людзі зноў жа выкідаюць альбо рэгулярна абнаўляюць сваю аптэчку», – тлумачыць Яўген Лабанаў з Цэнтру экалагічных рашэнняў.

Трапляючы ў навакольнае асяроддзе праз каналізацыйныя воды ці звалкі, лекавыя сродкі наносяць шкоду экасістэмам і здароўю чалавека. Гэтаю праблемай сурёзна занепакоеная Сусветная арганізацыя здароўя. З 2004 года ў краінах Еўрапейскага Звязу абавязковай стала сістэма збору лекаў ад насельніцтва. У Менску першы такі кантэйнер з’явіўся тры гады таму. За 2019 год было сабрана больш за 35 кілаграмаў адкідаў лекавых сродкаў, а летась – у два разы болей.

«Гэта добрая справа дзеля таго, каб знізіць нагрузку ад уздзеяння канцэнтраваных рэчываў на наваколле», – зазначае Яўген Лабанаў.

Ад сёння кантэйнеры для збору пратэрмінаваных лекаў паступова пачнуць з’яўляцца ў аптэках і паліклініках Менску. Пасля чаго лекі ўтылізуюць праз спальванне на спецпрадпрыемстве. Паколькі сістэма для Беларусі даволі новая, спатрэбіцца пэўны час на яе абкатку. Эколагі ж раяць найперш удумліва ставіцца да набыцця лекаў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»

Глядзі таксама