Як будуць абараняць сілавікоў і журналістаў дзяржаўных медыяў?


У законе «Аб дзяржаўнай бяспецы» будзе пашыраны спіс тых, каму забяспечаць дадатковую абарону – гэта дзяржслужбоўцы, сілавікі ды журналісты, меркавана дзяржаўных медыяў. Кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў Іван Кубракоў распавёў, у якіх выпадках арганізуюць ахову.

«Дадзеныя заявы прымаюцца ў органах унутраных справаў і арганізоўваецца дзяржаўная абарона той ці іншай асобы з улікам пагрозы, якая паступае: ці то здароўю, ці то маёмасці. З улікам гэтага адбываюцца ўсе мерапрыемствы», – распавёў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.

Гэта, напрыклад, целаахоўнік, змена месца жыхарства або пластычная аперацыя.

«Гэтая сітуацыя не выглядае, на мой погляд, такой вельмі хвалюючай. Тут хутчэй можна казаць пра іншае: Бог няроўна дзеліць, бо ёсць людзі, якіх затрымліваюць за журналісцкую дзейнасць, а вось некаторых іншых не будуць за гэта затрымліваць», – лічыць медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Паводле Івана Кубракова, па факце пагрозаў адкрылі каля 400 крымінальных справаў. Ці згодныя беларусы з тым, каго ўлады пастанавілі абараняць? Паразважалі жыхары Менску:

«Мы нагледзеліся, ад каго насамрэч трэба сёння абараняць і каго. Я думаю, што працаўнікі МУС, працаўнікі дзяржаўных каналаў дакладна не тая катэгорыя людзей».

«Ды ўсім людзям патрэбная абарона – ад нашай дзяржавы».

«Паводзяцца ў некаторых момантах не зусім правільна і менавіта таму думаюць, што ім трэба ад кагосьці абараняцца, хаця я асабіста не бачу, каб нейкая пагроза ім была».

Пасля новых зменаў адказнасць будзе і за выдаванне асабістых звестак. Аднак што пры гэтым могуць расцаніць як выдаванне персанальнай інфармацыі, калі гаворка пра асобу на дзяржаўнай пасадзе?

«Я думаю, што да афіцыйна дазволенай інфармацыі будзе адносіцца толькі тое, што афіцыйна апублікавана», – тлумачыць юрыст і спецыяліст у галіне бяспекі Андрэй Сыцько.

Новыя змены чакаюць і закон «Аб электрасувязі», яны дазволяць аператыўна-аналітычнаму цэнтру адключаць інтэрнэт і іншыя віды сувязі на ўласнае меркаванне і без кампенсацыі карыстальнікам.

«У прынцыпе гэта, вядома, антыканстытуцыйна. Мы ўсе маем права на атрыманне інфармацыі», – упэўнены Андрэй Сыцько.

Адключэнне інтэрнэту стабільна і па-за законам ужо адбывалася падчас нядзельных масавых пратэстаў ад леташняга жніўня. Гэтак жа, як і нагляд за журналістамі. Пад затрыманні трапілі працаўнікі незалежных медыяў, у той час як іхных калегаў з «Russia Today» пры выпадковых затрыманнях адпускалі на месцы. Цяпер жа гэтыя дзеянні чакаюць толькі фармальнага ўзаконення.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»