Каталікі рыхтуюцца да святкавання Уваскрасення Хрыстовага


Паход у касцёл напярэдадні Вялікадня – гэта традыцыя, якой у сям’і Дар’і ніколі не парушаюць. Ужо заўтра родзічы збяруцца разам святкаваць Уваскрасенне Хрыстова пасля ягонага распяцця. Сёння – апошні дзень рыхтавання да свята.

«Гэта вельмі важна – захоўваць у сям’і традыцыі. Каб сямʼя была больш цэласная. Захоўваць любоў, шчасце, дабрыню» – кажа прыхаджанка Чырвонага касцёлу Дар’я.

Святочны стол з сімвалічнымі велікоднымі стравамі гатуюць таксама ўсёй сямʼёй. Маці фарбавала яйкі традыцыйным спосабам – у цыбульным шалупінні. Дарʼя ж пякла кулічы.

Велікодны стол заўсёды імкнуцца падрыхтаваць да Вялікага чацвярга, каб у пятніцу ўвесь час правесці ў святыні. А ў Вялікую суботу каталікі традыцыйна нясуць у касцёл галоўныя святочныя прысмакі, каб асвяціць іх. Але гэта не самае галоўнае ў святочны тыдзень.

«Асноўным, зразумела, з’яўляецца не тое, каб прынесці асвяціць яйкі, а свая духоўная накіраванасць. Працяглая малітва, споведзь – ачышчэнне душы, ну і таксама ўменне паяднацца з тымі, з кім мы, можа, мелі праблемы тыя ці іншыя цягам года» – кажа ксёндз Кірыл Бардонаў, суддзя архідыяцэзіяльнага суда Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Нягледзячы на тое, што днём у Вялікую суботу службы ў касцёлах не праходзяць, пасля працэдуры асвячэння вернікі не спяшаюцца пакідаць бажніцу. Перад тым як выйсці, жадаюць паставіць свечку і памаліцца.

Сёння ўвечары ўва ўсіх касцёлах адбудуцца ўсяночныя набажэнствы. Менавіта на іх каталікі абвесцяць адно аднаму пра тое, што Хрыстос уваскрэс.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»