У Горадні судзяць панк-музыку. На працэс ён прыйшоў з плакатам


Маленькая зала, каб абмежаваць доступ блізкім, і забарона здымаць… У судзе Ленінскага раёну Горадні Ігар Банцар разгарнуў аркуш з надпісам «Справядлівасці няма», запатрабаваў вядзення працэсу па-беларуску, адмовіўся ад абароны і абвесціў сухую галадоўку.

«Спадзяюся, ўвесь гэты фарс закончыцца, бо самая па сабе справа з-за перформансу дастаткова забаўнага, троху дзіўнага», – кажа гітарыст гурта MISTER X Аляксандр Кот.

Адказнасць па ч.3 арт. 339 ад штрафу да зняволення на тры гады. Затрымалі гарадзенскага актывіста ў кастрычніку, калі ён патанчыў без ніжняй бялізны перад міліцыянтамі. У дадатак раней удзельнічаў у пратэстах.

Больш за 4 месяцы ён правёў у гарадзенскім следчым ізалятары, адкуль на месяц яго забіралі ў псіхіятрыю ў «Навінкі», а ў лютым на 15 дзён замыкалі ў карцары. Ігар – вакаліст панк-рок гурта «Містар Х», у тэкстах якога – увесь светапогляд уздоўж, упоперак і насуперак рэпрэсіўнай сістэме, як у мастацтве, гэтак і ў паўсядзённасці.

На відэа з правярання дакументаў супрацоўнікам ДПС Ігар кажа:

«Дапаўненне ў вас – дручок вагою 1,5 кілаграмы, пры дапамозе якога можна наносіць людзям траўмы і калецтва. Таму давайце вы мне будзеце распавядаць, як у нас ДАІ працуе. Здымай, здымай усё, мяне толькі што нелегальна абшукаў супрацоўнік міліцыі!»

Калегі і знаёмыя не выключаюць, што такая прамата – яшчэ адна прычына катаванняў за кратамі.

«Гэтая ўнутраная свабода, звязаная з музыкаю, яна не да спадобы беларускай уладзе. Фактычна яму помсцяць за ягоныя перформансы, якія актыўна абмяркоўваліся людзьмі, размяшчаліся ў інтэрнэце. Гэта прывяло яго за краты», – мяркуе журналіст Анджэй Пачобут.

Са жніўня 2020 года Ігара Банцара не раз затрымлівалі падчас вулічных акцыяў, тады ён адседзеў 18 дзён на «соднях» і заплаціў штраф. Удома яго чакае жонка Анжаліка Арэхва:

«Я спадзяюся што гэта абыдзецца меншымі стратамі, а што будзе… гледзячы на тое, што адбываецца ў нашай краіне і якія тэрміны даюць, крокі суддзі і пракурора складана прадказаць».

Пакуль музыка сціхла. Ейны аўтар раней зазначаў: «Я не магу спяваць у сцяну, мне патрэбныя апладысменты…» Падтрымаць Ігара ў суд прыйшлі больш за 30 асобаў. Працяг – 4 сакавіка.

Юлія Цяльпук, «Белсат»