11 гадоў калоніі за «замах» на даішніка


«Я думаю, ён не заслугоўвае такога пакарання. Нават калі ён і… Ну, не. Ніяк не адзінаццаць гадоў. Дакладна не цягне. Гэта праўда», – не стрымлівае эмоцыяў сябар Аляксандра Троцкага Зміцер.

Падчас затрымання Аляксандра моцна збілі сілавікі. Гэтак, пад канвоем і ў кайданках, ён правёў тры тыдні. Але, нягледзячы на гематомы і сляды ад дручкоў, пацярпелы – інспектар ДАІ Уладзімір Юраў. Нібыта 12 жніўня Аляксандр наўмысна правёз яго на капоце машыны. Паводле следства, той атрымаў цялесныя пашкоджанні без кароткачасовага расстройства здароўя. Але ўсе доказы – гэта сведчанні міліцыянтаў. Запісаў з відэарэгістратара няма.

«Няма доказаў факту наезду на супрацоўніка ДАІ, ніякіх. Няма. Яны проста згубіліся недзе, з блізкіх камераў. А недзе здалёк – ёсць. І яны іх як доказы даюць, дзе нябачна літаральна нічога», – кажа сын Аляксандра Данііл.

Паводле Аляксандра, адчыніць дзверы ён пабаяўся, але прапанаваў даць дакументы праз акно. Пасля гэтага Юраў цэліў яму ў галаву пісталетам. Мужчына, баючыся за свае жыццё, выкруціў стырно ўлева і паехаў. Пазней Аляксандра затрымалі. Са словаў адваката, выйсці з аўтамабіля патрабаваў амапавец, які не мае на гэта права. Таму дзеянні падабароннага адпавядаюць закону. Абаронца падкрэслівае, што прычынаю наезду была не спроба забойства, а спроба з’ехаць з месца, дзе яму пагражала небяспека.

«Калі шчыра, я амаль што праплакала. Не ведаю нават, што сказаць», – кажа жонка Аляксандра Ірына.

У апошнім слове Аляксандр папрасіў прабачэння ў сям’і ды блізкіх за тое, што можа пакінуць іх на пэўны час:

«Я заўсёды лічыў, што, калі ты шчыра робіш сваю працу і ў зносінах з людзьмі ты намагаешся прыносіць карысць, гэта і ёсць той самы мінімум, за які ніколі не будзе сорамна».

Суддзя Сяргей Хрыпач абвесціць прысуд 5 сакавіка.

Надзея Бельская, «Белсат»