У беларусаў хочуць забраць права на голас


Чэргі ў кожнай краіне, дзе ёсць беларуская амбасада. Тысячы людзей і адно жаданне на ўсіх. Беларусы галасавалі за перамены ў 2020-м годзе. Сёлета жадаючыя, можа, і ёсць, але ўчасткаў у замежжы не будзе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Віктар, беларус з Вільні, абураецца:

«Мне адно не зразумела: навошта яны ўвогуле робяць гэты рэферэндум, калі яны так яго пачынаюць. З майго пункту гледжання – гэта была спроба легітымізацыі рэжыму».

З ім згодны і Дзмітрый, які жыве ў Нямеччыне. Паводле ягоных перакананняў, гэтае дзейства – проста фарс, і тым, што яны самі нас пазбавілі гэтага выбару – яны даказваюць, што гэта – ніякі не рэферэндум, ніякая не выбарчая кампанія, гэта ўсё – хлусня.

Заява афіцыйнага прадстаўніка так званай «беларускай дыпламатыі» Анатоля Глаза мела эфект выбуху бомбы:

«Многія пасольствы і консульствы прынялі рашэнне не падвяргаць рызыцы здароўе супрацоўнікаў і тых, хто галасуе, у сувязі рэзкім змяненнем эпідэмічнай абстаноўкі ў краінах перабывання».

І гэта тады, як зарызыкавалі сабраць амаль тры тысячы чалавек на прамову ў тэатры аднаго актора. І пра здароўе статыстаў неяк не турбаваліся.

У амбасадзе Беларусі ў Варшаве не здолелі адказаць на пытанне, што рабіць беларусам, якія ўсё ж хацелі б узяць удзел у псеўдарэферэндуме.

МЗС прапануе грамадзянам з-за мяжы прагаласаваць «па месцы рэгістрацыі ў Беларусі». Гучыць як жарт – маўляў, межы нібы адкрытыя. Але для многіх ваяж на радзіму зараз – гэта дарога ў адзін бок.

У 2020-м, паводле ЦВК, у Беларусі было амаль 7 мільёнаў выбарнікаў. ААН налічыла ў 2019-м за межамі радзімы блізу 1,5 мільёна беларусаў. Пасля апошніх «выбараў» гэтая лічба магла істотна павялічыцца. Вядома, не ўсе гэтыя асобы маюць права кінуць бюлетэнь у скрыню, але шмат хто з іх – грамадзяне Беларусі, якіх проста пазбавілі голасу.

Гэта менавіта паказвае пазіцыю Лукашэнкі, што яму людзі на ўчастках не патрэбныя. Чым меней людзей з’явіцца на ўчастках, тым прасцей будзе фальсіфікаваць гэты рэферэндум., – перакананая беларуска Надзея, што жыве ў Даніі. А Аляксандр з Беластоку дадаў:

«Гэта не рэферэндум, а цырк. Я хацеў схадзіць, сапсаваць білецік, які там выдаюць».

За свае правы некаторыя вырашылі змагацца – як віцебскі праваабаронца Павел Левінаў. Ён звярнуўся ў МЗС і Цэнтрвыбаркам са скаргаю на парушэнне Канстытуцыі. А яна гарантуе кожнаму грамадзяніну Беларусі права ўдзельнічаць у рашэнні дзяржаўных справаў, а таксама свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне.

Апошні год рэжым толькі і робіць, што крычыць пра сваю нібыта маналітнасць ды ўсенароднае падтрыманне. І ў той жа час спужаўся, як сам жа кажа, «кучкі беглых». Прадстаўнік НАУ па справах міжнароднай дыпламатыі Уладзімір Астапенка пацвердзіў гэта. Ён сказаў, што рэжым проста баіцца грамадзянскай актыўнасці, баіцца сустрэцца твар да твару са сваімі грамадзянамі, рэжым баіцца ўбачыць вынікі, якія мы можам прагназаваць.

Беларусы замежжа ўжо думаюць над альтэрнатыўным сцэнаром. Саша, беларуска з ЗША, поўная рашучасці:

«Пікет ніхто не адмяняў, ён будзе. Я лічу, што ў нас усё роўна будзе гэты “рэферэндум” так званы. Нас пабачаць, нас пачуюць, і мы гэта абяцаем».

Закрыюць амбасады для галасавання ці не – рот закрыць не выйдзе. А таму голас беларусаў замежжа, – можа, і не аддадзены, але салідарны – дакладна прагучыць.

Марына Яновіч, «Белсат»