COVID-19 ставіць чарговыя рэкорды: афіцыйна 4990 новых хворых


Міністэрства заўважыла хворых. Другі дзень запар афіцыйная колькасць новых выпадкаў ковіду б’е рэкорды ад пачатку пандэміі. Сённяшняя лічба ў два з паловай разы вышэйшая за тую, што Міністэрства аховы здароўя давала на пачатку тыдня.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Адчуванне, што зноў усё спачатку. Да першай хвалі не рыхтаваліся, да другой не рыхтаваліся, ну і да пятай не гатовыя – усё накрывае зноў, і трэба ўводзіць нейкія экстраардынарныя меры. То бок ніякіх захадаў папярэджання, прафілактыкі, падрыхтоўкі, прагназавання – нічога гэтага няма», – кажа рэаніматолаг Уладзімір Мартаў.

Экстраардынарная захада Мінздароўя – пераход паліклінік на штодзённы рэжым працы.

«Пачынаючы з бліжэйшых выходных – 5 і 6 лютага – прыём пацыентаў у паліклініках (у тым ліку і агляд дома) будзе весціся ў суботы і нядзелі. Дакладны графік працы будзе ўсталяваны кожным кіраўніком медычнай установы самастойна», – паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Нашыя гледачы ў гэтай сітуацыі найперш спачуваюць медыкам:

«Працаваць у выходныя – ага, а ці заплацяць?»

«Калі б не патрабавалі бальнічных на працы, людзі б спакойна адляжаліся дома, не было б гэтых чэргаў у паліклініках».

«У цырк не ўбіцца, ідуць натоўпамі і дзяцей цягнуць, маскі мала хто носіць, студэнты і школы працуюць, а дактары, як заўжды, – крайнія», – пішуць гледачы «Белсату».

Менавіта дзецям найбольш пагражае хваля о-мікрону, падкрэсліваюць медыкі.

«Дзеці, на жаль, хварэюць дастаткова цяжка, гэта дзеці першага года жыцця і, як ні шкада, гэта падлеткі 12–15 гадоў, у іх таксама дастаткова цяжка працякае захворванне. І мы бачым, што дастаткова вялікая іх колькасць трапляе на апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх», – кажа прафесар Аляксандр Дуда, загадчык кафедры інфекцыйных захворванняў Нацыянальнага ўніверсітэту аховы здароўя Украіны імя П. Шупіка.

О-мікрон надзвычай заразны, нагадвае Аляксандр Дуда. Але большасць пацыентаў усё ж мае лёгкую форму хваробы, і гэта стварае дадатковую небяспеку для атачэння.

«То бок, ён адчувае недамаганне, у яго практычна няма ніякіх сімптомаў, і таму ён сабе дазваляе шмат чаго – ходзіць на працу, ходзіць у краму. Таму мы ўвесь час кажам: мінімальныя змены, і вы павінны вырашыць пытанне – што гэта такое», – падкрэслівае Аляксандр Дуда.

І калі гэта вірусная інфекцыя – у першую чаргу застацца дома, не ісці на працу ці заняткі. У Беларусі, як і ў іншых краінах, каронавірусную інфекцыю прызналі асабліва небяспечнай, нагадвае Уладзімір Мартаў.

«Яе кантроль рэгламентаваны сурʼёзнымі законамі. І тое, што ўсё гэта забытае, не выконваецца, ніякіх эпідэмічных расследаванняў, ніякіх супрацьэпідэмічных захадаў не адбываецца, а цяпер усё гэта накрыла – гэта дзікасць насамрэч», – кажа Уладзімір Мартаў.

Тым больш, што захады гэтыя, прынамсі для кожнага з нас, не складаныя – маскі ў грамадскіх месцах, прышчэпкі і ўніканне масавых мерапрыемстваў, нават такіх доўгачаканых, як сустрэча выпускнікоў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»