«Усебеларускі народны сход» – новая «падпорка» для ўлады


«Большасць людзей – яны вылучаныя не самастойна, а значыць, прытрымліваюцца ўсіх ініцыятыў, якія сёння ёсць у краіне, інфармацыйнай і іншай палітыкі альбо адмоўчваюцца. Гэта шырма, а я не хачу быць шырмай».

Дэлегаты Шостага Усебеларускага сходу ад дэпутацкага корпусу правялі сваё самавылучэнне незаконна, а шараговыя грамадзяне, у парушэнне Канстытуцыі, былі пазбаўленыя магчымасці вылучыць свайго прадстаўніка. Да такой высновы прыйшла кампанія «Сумленныя людзі» ды распачала збор подпісаў пад зваротам у Вярхоўны Суд. Ці давяраюць вылучаным кандыдатам людзі, цікавімся на вуліцах Менску.

«Нікому не давяраю, акрамя сябе».

«Нікому не давяраю і бачыць не хачу. Прызначаныя людзі – яны не ад народу, а ад улады».

«Нікому ніколі не веру, і мне гэта не патрэбна. Праўды няма і не будзе».

«Ды ён зусім не патрэбны, гэты сход. Гэта ўсё без толку. Трэба нейкія іншыя рашэнні прымаць, а не сходы праводзіць, як пры камуністычнай партыі. Колькі можна жыць у такім стойле?»

Дзейнае заканадаўства прадугледжвае рэспубліканскія сходы з кансультацыйна-дарадчымі функцыямі, але не ўтрымлівае панятку «Усебеларускі народны сход». Тым не менш у нас яго склікаюць з 1996 года з прадстаўнікоў праўладных структураў. Гэтым разам «Усебеларускаму народнаму» надаецца яшчэ больш увагі: яго статус можа быць істотна ўзмоцнены, лічыць прафесар Міхаіл Пастухоў.

«Улады хацелі б узмацніць свае пазіцыі коштам шырокага прадстаўнічага органу, які б іх увесь час падтрымліваў. Гэта свайго роду стварыць «надпарламент», альбо трэцюю палату парламенту. Дзейная ўлада зацікаўленая ў тым, каб з’явілася яшчэ адна такая «падпорка» гэтай улады. Можа нават на гэтым сходзе будзе выказаная ініцыятыва надзяліць яго пэўнымі паўнамоцтвамі».

Паўнамоцтвы новага дзяржаўнага сходу могуць вагацца: ад заслухоўвання справаздачаў найвышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў да абрання на пасаду прэзідэнта. VІ Усебеларускі народны сход запланаваны ў Менску на 11-12 лютага.

Галіна Абакунчык, Белсат