Пакараны за марш на Курапаты Іван Зубко: «Буду рабом найбліжэйшыя тры гады»


Ад двух гадоў калоніі агульнага рэжыму да шасці гадоў узмоцненага. Суд Менскага раёну агучыў выракі ў крымінальнай справе супраць пяцярых менчукоў, затрыманых 29 верасня ў Баравой. Суддзя Віктар Шаўцоў прызнаў мужчынаў вінаватымі ў злосным хуліганстве – пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта.

Найбольш жорсткае пакаранне атрымаў Антон Быкоўскі, якога пры затрыманні моцна збілі. Прысутнічалі пры пашкоджанні аўтамабіля каля дзевяці асобаў, але затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу толькі пяцярых – з ужываннем зброі ды слезацечнага газу.

Разгляд яшчэ адной крымінальнай справы завяршыў суддзя Дзмітрый Астапенка ў судзе Заводскага раёну Менску.

Тры гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу атрымаў 25-гадовы Іван Зубко за ўдзел першага лістапада ў Курапацкім маршы. Пратэстоўцы выйшлі на праспект Незалежнасці, чым, на думку абвінавачання, спынілі грамадскі транспарт і нанеслі шкоду «Менсктрансу».

«Неверагодныя лічбы выстаўленыя «Менсктрансам» за нібыта нанесеную шкоду. Відавочна, што людзі не перакрывалі руху, бо загадзя, за гадзіну ці дзве да пачатку маршу, ніякі транспарт там не хадзіў», – абураецца сукамернік Івана Зубко Аляксандр Сергіеня.

Пакуль пазоў «Менстрансу» не разгледжаны, на сканфіскаваныя мабільны тэлефон і планшэт Івана наклалі арышт. Хлопца ж адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

«Буду рабом найбліжэйшыя тры гады, калі залёт ці некалькі, то змена рэжыму, і буду сядзець ужо ў лагеры», – кажа Іван Зубко.

Ці абскарджваць прысуд, Іван вызначыць пасля размовы з адвакатам.

Найчасцей перагляд справы рашэння суда не змяняе. Віцебскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу Змітра Лупача. 22-га снежня Пастаўскі раённы суд пакараў нашага калегу штрафам 1269 рублёў за сюжэт, размешчаны на YouTube-канале.

«Гэта быў першы выпадак у маёй практыцы, калі мяне асудзілі за матэрыял на «YouTube». Яго не было ў эфіры «Белсату», не было на сайце «Белсату». Я спрабаваў давесці і ў раённым судзе і тут, у абласным, што YouTube – гэта не сродак масавай інфармацыі, гэта сэрвіс для размяшчэння відэа. Але гэта не было прынята пад увагу», – кажа Зміцер Лупач.

Суддзя Святлана Іванова пакінула рашэнне пастаўскага раённага суда без зменаў, хоць журналіст і звяртаў увагу на памылкі ды недакладнасці ў справе.

За відэа на YouTube-канале пацярпела і віцебская блогерка Алена Янушкоўская. Сёння яна выйшла з СІЗА пасля сямідзённага арышту.

«Гэтым 23.34 яны адмяняюць цалкам артыкул канстытуцыі, які дазваляе мне выказваць сваё меркаванне публічна. Калі я супраць, я магу выйсці і пра гэта сказаць. А тут я за гэта пакараная пастаянна», – абураецца Алена Янушкоўская.

Падставаю для арышту Алены Янушкевіч стаў стрым, які блогерка вяла падчас сяброўскай вечарыны ў прыватнай кавярні. Міліцыянты палічылі, што ўдзельнікі не проста святкавалі Каляды, а ладзілі масавую акцыю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»