Што вядома пра забойства ў Рэчыцы


Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў сувязі з гібеллю жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава. Маладзён памёр у навагоднюю ноч у раённай больніцы, куды трапіў з Рэчыцкага РАУС. Сілавікі прызнаюць, што ўжывалі супраць мужчыны сілу, але нібы ў межах закону, ды сцвярджаюць, што смерць наступіла ад злоўжывання алкаголем і наркотыкамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чапляўся да мінакоў і правакаваў канфлікты, на заўвагі міліцыянтаў рэагаваў агрэсіўна. Так сілавікі тлумачаць затрыманне ў навагоднюю ноч жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава.

«Грамадзянін не паслухаўся супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Супрацоўнікі дзеялі ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. У цяперашні час Следчы камітэт расследуе смерць грамадзяніна», – паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Аляксандр Купчэня.

Следчы камітэт прызнае, што супраць Дзмітрыя Усхопава ўжывалі сілу, аднак ягоная смерць, цытата, «ня носіць траўматычнага характару». Афіцыйна ў крыві мужчыны выявілі звыш 4 праміле алкаголю, і знайшлі ў яго пакецік з марыхуанай, гэтае ж рэчыва выявілі ў мачы памерлага. А сам Усхопаў нібыта ліставаўся з інтэрнэт-крамай, якая гандлюе наркотыкамі.

«Я гэта абмеркаваў ужо са сваякамі Дзмітрыя, яны ўпэўненыя, што гэта фальсіфікацыя. Яны кажуць, што гэта не ягоны стыль стасункаў пісьмовых», – кажа прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Андрусь Мядзведзеў.

Дзмітрыя Усхопава затрымалі на аўтобусным прыпынку ў цэнтры Рэчыцы каля 23-й гадзіны 31 снежня і даставілі ў Рэчыцкі РАУС. Тое, што мужчына сапраўды добра на падпітку, бачна на змантажаваным відэа з камераў назірання. Але стаіць на сваіх нагах.

Паводле сілавікоў, праз некаторы час Усхопава павезлі на медычны агляд. Па дарозе яму стала блага. А менш як праз 2,5 гадзіны ад затрымання медыкі зафіксавалі смерць мужчыны. Ні відэа з прыпынку, ні таго, як Дзмітрый Усхопаў выходзіць з РАУС, сілавікі не паказалі нават ягоным сваякам.

«Калі б там было нешта такое, каб яны паказалі, вось там чалавек п’яны чапляецца да людзей, за што яны яго затрымалі, то яны б гэта паказалі, таму там таксама было ўжыванне сілы на самім прыпынку», – падкрэсліў Андрусь Мядзведзеў і дадаў: «Самі супрацоўнікі медычнай установы казалі, што яго прывезлі мокрага цалкам з парванай майкай, то бок было відавочна, што спрабавалі яго рэанімаваць там, адкуль яго везлі».

Інфармацыю ад сястры Дзмітрыя Усхопава і пацверджаную іншымі крыніцамі праваабаронца апублікаваў на сайце «Палеская вясна» зранку 2 студзеня. Праз некаторы час Следчы камітэт заявіў, што пачаў правяранне. А праўладныя тэлеграм-каналы выклалі відэа затрымання Усхопава і нібыта ягонае ліставанне з гандлярамі наркотыкамі.

«Мяне больш хвалюе тое, што тэлеграм-каналы гэтыя праўладныя выкладаюць нейкія перапіскі, пачынаюць дзяліцца нейкімі рэчамі, якія павінны быць даступныя толькі следству. Чаму яны гэта робяць – гэта іншае пытанне», – адзначыла медыяэксперт Марыя Садоўская-Камлач.

У такіх тэлеграм-каналах пачалі пагражаць расправаю сваякам, якія распаўсюдзілі фотаздымкі, прыгадваючы гісторыю з журналісткаю Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным, якіх асудзілі за публікацыю праўды аб смерці Рамана Бандарэнкі. Тады сілавікі таксама заяўлялі пра алкаголь у крыві Рамана.

Антон Каменскі, «Белсат»