Па кім ударыць эмбарга?


Афіцыйны Менск адкрыў чарговы фронт у супрацьстаянні з Захадам. Гэтым разам – харчовы. Вось толькі каму будзе горш ад эмбарга, уведзенага рэжымам Лукашэнкі супраць амаль чатырох дзясяткаў краінаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У новы год – з новымі санкцыямі. Толькі ў адваротным кірунку, прынамсі на паперы. У студзені ўступіла ў сілу эмбарга, якое рэжым Лукашэнкі ўвёў на экспарт харчоў з заходніх краінаў у адказ на санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Вось толькі ў выніку, тлумачыць эканаміст Леў Марголін, гэты бізун лясне выключна па… беларускіх пакупніках. То бок па нас з вамі.

«Тое, што датычыцца тых, на каго яны нібыта накіраваныя (на гэтыя 36 краін, у тым ліку ЗША і Вялікая Брытанія, і Еўразвяз), то ў іх экспарт тавараў прыкладна ў 10 тыс. разоў большы за тыя 500 млн, на якія прыкладна разлічаныя санкцыі», – кажа Марголін.

З падобным меркаваннем сёння выступіў і польскі міністр сельскай гаспадаркі Гэнрык Кавальчык. Менавіта Польшча, якая экспартавала асноўныя аб’ёмы сваіх яблыкаў у нашую краіну, паводле задумы рэжыму Лукашэнкі, мелася адчуць бізун контрсанкцыяў.

«Гадавы аб’ём таваразвароту з Беларуссю складае каля 200 млн еўраў, гэта 0,6% усяго польскага экспарту харчавання. Галоўным таварам ёсць яблыкі, і найбольш забарона паўплывае на экспарт у садаводстве, хаця Беларусь цяпер не належыць да найбольш важных кірункаў экспарту яблыкаў. Усё больш іх прадаецца ў іншыя краіны – напрыклад, у Егіпет», – паведаміў міністр Кавальчык.

Таксама польскі міністр выказаў надзею, што пасля некалькіх тыдняў блытаніны продаж усё-ткі адновіцца. А вось адзін з непасрэдных польскіх экспарцёраў яблыкаў у Беларусь, уладальнік фірмы «ECO-SAD» Чэслаў Мацежыньскі ў прагнозах больш стрыманы.

«Беларусь была паводле аб’ёмаў другім пакупніком. Напэўна, Польшча дасць рады, але гэта зойме 2, 3, 4 гады, каб замяніць гэты рынак. Калі Расея ўводзіла сваё эмбарга, то таксама ўсе думалі, што гэта не працягнецца доўга. А трывае гэта, наколькі я памятаю, ужо каля 8 гадоў», – распавядае Чэслаў Мацежыньскі.

Пры гэтым экспарцёр падкрэслівае, што цяперашнія альтэрнатыўныя рынкі наўрад ці з’ядуць больш польскіх яблыкаў, а таму на сто адсоткаў варта чакаць, што адновяцца ранейшыя шэрыя схемы для абыходу накладзенага эмбарга. У 2019 годзе каманда праграмы «Давайце разбірацца» на «Белсаце» якраз зладзіла расследаванне пра маштабнае пераклейванне этыкетак на шляху нібыта падсанкцыйнай прадукцыі ў Расею.

«Пастаўкі пэўных відаў прадукцыі, якія патрапілі пад санкцыі, будуць ажыццяўляцца з дапамогаю квотаў. То бок пэўным кампаніям будзе дазваляць завозіць пэўныя аб’ёмы. І я думаю, што як раз-такі дазволы будуць атрымліваць кампаніі, набліжаныя да ўладаў», – прагназуе суаўтар расследавання Алесь Ярашэвіч.

Цікава, што ў пастанове Савету міністраў наконт увядзення эмбарга ўтрымліваюцца і агаворкі пра тое, што час ад часу контрсанкцыі можна і прыпыніць або нават адмяніць. Гэткае поле для адступлення пасля пагрозлівага надзімання шчокаў, канстатуе эканаміст Сяргей Чалы.

«Я думаю, што тут зусім не чаканні, што бакі дамовяцца або прыдумаюць нейкія абходныя манеўры. Хутчэй за ўсё, гэта папросту прызнанне відавочнага факту, што санкцыі паводле свайго дызайну пабудаваныя гэткім чынам, што яны шкодзяць не столькі краінам, супраць якіх накіраваныя, колькі самой беларускай эканоміцы. Таму выказваецца спадзеў, што ўлады Беларусі самыя адумаюцца і адменяць іх», – тлумачыць Сяргей Чалы.

Што ж да ўласна беларускіх пакупнікоў, то, як запэўніваюць эканамісты, яблыкі з крамаў не знікнуць – незалежна ад таго, колькі гэтыя контрсанкцыі пратрымаюцца. Знайсці альтэрнатыву таннейшай польскай прадукцыі можна. Вось толькі заплаціць за яе давядзецца ўжо даражэй. Законы рынку – яны такія, нічога не паробіш.

Валера Руселік, «Белсат»