Бараўляны стануць горадам?

Бараўляны і Лескаўка, аграгарадок Лясны і пасёлак Вопытны. Перспектыву аб‘яднаць гэтыя населеныя пункты ў адзін горад Лукашэнка абмеркаваў на нарадзе з кіраўніком Менскай вобласці Аляксандрам Турчыным ды адзначыў, што трэба параіцца з людзьмі, бо статус горада нясе за сабою некаторыя змены.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ідэю зрабіць гарады-спадарожнікі з населеных пунктаў блізу сталіцы, а перадусім з Бараўлянаў, Лукашэнка агучваў і раней, летась у кастрычніку. Цяпер, паводле яго, Менску трэба, цытата, «трошкі сціскаць» квадратныя метры жытла і «нельга перанасяляць Менск, бо хутка Менск устане, як Масква ў гадзіны пік».

Дзяніс Кобрусеў з ініцыятывы «Горад для гараджан» кажа:

«Бараўляны, – гэта кангламерацыя некалькіх вёсак, у якіх зараз жыве каля 50 тыс. чалавек. І многія тыя, хто пераязджаў з Менску ў прыватныя дамы, хацелі жыць каля Менску, але ў сельскай мясцовасці».

Пры ператварэнні вёскі ў горад ва ўмовах дзейнага заканадаўства шэраг спецыялістаў згубіць даплату за працу ў сельскай мясцовасці, а жыхары пасёлкаў – рэшткі самакіравання. Да таго ж, калі будаваць шматпавярховікі ў Менску ўжо непажадана, учорашнія вяскоўцы могуць зазнаць ушчыльненне. Будаваць у лясным масіве (да прыкладу, у Бараўлянах) былі спробы і раней.

Паводле Дзяніса Кобрусева выдзяленне ўладамі надзелаў пад будаўніцтва розных дамоў ці забаўляльных цэнтраў стане нашмат прасцейшым, а ў жыхароў будзе менш аргументацыі адбівацца ад гэтага.

Актывісты адзначаюць, што з наданнем Бараўлянам статусу гораду вырастуць і падаткі на зямлю ды нерухомасць, а таксама падаткі для індывідуальных прадпрымальнікаў. Гарадскі статус для Бараўлянаў нясе наўпроставую пагрозу і гаспадарам аграсядзібаў.

Паводле актывіста, былога жыхара Бараўлянаў Івана Вайтовіча, дзясяткі агра-экасядзібаў могуць згубіць магчымасць працаваць.
Ёсць, вядома, і плюсы. Гэта найперш развіццё інфраструктуры паводле гарадскіх нормаў: будаўніцтва новых садкоў, школаў і аздараўленчых цэнтраў, лепшая транспартавая камунікацыя. Аднак, паводле мясцовых актывістаў, пры існай забудове Бараўлянаў гарманічнае ўзвядзенне новых сацыяльных аб’ектаў там немагчымае.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама