Ці прызначыць прэзідэнта Усебеларускі народны сход?


«Канстытуцыя надзяліла пэўнымі паўнамоцтвамі УНС, і функцыя абрання прэзідэнта пакуль там не прадугледжана. Хаця я не выключаю, што тыя, хто будзе пасля нас працаваць, можа, прапануюць іншыя варыянты».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Ігар Карпенка. У эфіры АНТ яны з кіраўніком тэлеканалу Маратам Маркавым абмяркоўваюць – як бы між іншага – ці не настаў час даручыць Усебеларускаму народнаму сходу прызначэнне прэзідэнта Беларусі. Маўляў, каб народ не абраў якогась «Макрона, Зяленскага або Шольца».

Прававы дарадца НАУ Міхаіл Кірылюк знайшоў гэтаму вельмі простае тлумачэнне:

«Дадатковы доказ таму, што гэтых людзей воля народу не вельмі цікавіць. І гэты “усенародны сход” – ён такі ж усенародны, як і Лукашэнка прэзідэнт!»

За час свайго кіравання Аляксандр Лукашэнка змяняў-выпраўляў Канстытуцыю тройчы. Апошні рэферэндум на гэтую тэму адбыўся сёлета. У абноўленым Асноўным законе напісана:

«Прэзідэнт выбіраецца тэрмінам на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш за два тэрміны».

Так што ж – усё нанова?

Палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што чарговы плебісцыт тэарэтычна імаверны, але будзе зусім не на карысць іміджу рэжыму. Гэта страта папулярнасці ў грамадстве. Гэта Лукашэнка паказвае наменклатуры, што ён сапраўды баіцца выбараў. То бок, уся гэтая новая працэдура з рэферэндумам – гэта даволі непрыемная задача.

Усебеларускі народны сход – гэта 1200 дэлегатаў. Яны маюць права: зацвярджаць асноўныя напрамкі ўнутранай і замежнай палітыкі, вайсковую дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама заслухоўваць даклады прэм’ер-міністра і ініцыяваць законы. Хапае працы і без выбараў прэзідэнта. Але, на думку палітычнага аглядальніка Паўлюка Быкоўскага, Марат Маркаў задаў сваё правакацыйнае пытанне зусім не выпадкова. Проста гэта было нейкае павелічэнне значэння інтэрвʼю, якое рабіў Маркаў. Бо яму трэба мець рэйтынг для перадачы, выцягваць нешта тое, што зачэпіць кагосьці. А другі момант – сапраўды прамацванне грамадскай думкі. Як быццам мэта – укінуць ідэю і паглядзець, як на яе адрэагуе грамадства. У той жа час Паўлюк Быкоўскі зазначыў, што старшыня Цэнтрвыбаркаму не знайшоў аргументаванага адказу на такую прапанову.

«Укід быў або свядомы, або гэта была дадатковая гульня – мы гэтага не ведаем, – прызнаў палітычны аглядальнік. – І другі момант: можам заўважыць, што Ігар Карпенка не чакае, што ўжо зараз гэта будзе».

Памяняць любы закон дзеля сваіх планаў для Аляксандра Лукашэнкі ніколі не было праблемаю. Але цяпер, на думку праўніка Міхаіла Кірылюка, задача ўскладняецца не толькі праз унутраны супраціў, хоць і моцна прыхаваны, але і пад уплывам важкіх вонкавых фактараў:

«Рашэнне будзе залежыць ад перамогі на полі бою. Я не веру ў тое, што Расея пераможа. Я не веру ў тое, што Лукашэнка застанецца на сваім пасту пасля паразы Расеі».

Калі верыць афіцыйным дадзеным, больш за 86% жыхароў Беларусі падтрымалі змены і дапаўненні ў Канстытуцыю. Але тысячы грамадзянаў у розных гарадах рэспублікі, карыстаючыся магчымасцю сабрацца на ўчастках для галасавання, зладзілі антываенныя пратэсты. Сотні людзей былі затрыманыя.

Марына Яновіч, «Белсат»