«Нагнятае ваяўнічую рыторыку, каб не ваяваць»


Заявы Лукашэнкі пра пагрозы і правакацыі з боку NATO і Украіны – не тое, чым падаюцца на першы погляд, упэўненыя ў Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны. Найперш гэта пасланне Маскве, што беларускія вайскоўцы мусяць заставацца ў Беларусі, кажуць аналітыкі інстытуту. Каб было каму бараніць рэжым у выпадку рэалізацыі названых пагрозаў, кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Да гэтай рыторыкі трэба ставіцца вельмі крытычна, усе тыя пагрозы, што ад яго ідуць, хутчэй за ўсё звязаныя з тым, што ён не хоча ўдзельнічаць у вайне і імкнецца стварыць такі фон, пры якім гэткі ўдзел для Беларусі будзе немагчымы».

Вайсковы эксперт Іван Ступак дадае:

«Вельмі цяжка наступаць на РБ тым краінам, якія адгарадзіліся ад яе плотам. Ён падыгрывае Пуціну. Пуціну ж падабаецца казаць як NATO пагражае Расеі, як Захад пагражае».

У гэты месяцы анансавалі новую сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі. Але ці зможа расейскі прэзідэнт прымусіць Лукашэнку да больш канкрэтных дзеянняў на ўкраінскім кірунку? Эксперт параўноўвае паводзіны ўзурпатара з дзеяннямі чалавека, які пазычыў грошы і не аддае:

«Я шчыра аддам, прыходзіць да цябе дадому, кажа пра тое. Я клянуся, аддам, але цяпер няма. Калі ты мне пазычыш яшчэ трошкі, я там перакрыюся, укладваюся ў крыпту. Ён кожнага разу прыязджае, тэлефануе, віншуе цябе са святамі, з Новым годам, Калядамі, падарункі адпраўляе. Ён столькі гадоў кідае проста Расею праз сцягно, праз плячо, праз іншыя канечнасці».

Аднак ці счытваюць гэты вельмі своеасаблівы мэсідж рэжыму – на Захадзе?

Прынамсі, пакуль Лукашэнку ўдаецца адносна паспяхова віхляць. Рыторыка – ваяўнічая на мяжы істэрыкі, пастаянныя правяранні баяздольнасці войска, абстрэлы расейцамі з тэрыторыі Беларусі ўкраінскіх гарадоў. У той жа час удаецца пазбягаць для Беларусі паўнавартаснага статусу краіны-агэсара. Паводле Аляксандра Фрыдмана:

«Лукашэнка, гэта ж ягоная звычайна справа – прадаваць паветра. Ён і прадае паветра. Паказаць, што ў прынцыпе вось ён супраціўляецца, ён нядрэнны хлопец. Ён гэтай вайны не жадае, удзельнічаць актыўна не жадае, можа, тады Захад і задумаецца – нейкія паслабіць санкцыі або ўвогуле не будзе прымаць новых».

Асноўны ж рэальны козыр рэжыму для Масквы, якім ён пакуль удала карыстаецца – адцягванне ўвагі і рэзерваў ЗСУ на ўмацаванне украінска-беларускай мяжы. Акрамя таго, узурпатар разумее рэальны стан беларускай арміі, кажуць эксперты. Іван Ступак распавядае:

«У вайскоўцаў Беларусі няма вопыту ваенных дзеянняў наогул, ад слова зусім. У адрозненне ад расейцаў. Вялікая колькасць беларускіх вайскоўцаў застанецца ва ўкраінскай зямлі, частка вернецца ў пакетах, частка вернецца інвалідамі. І няма як патлумачыць беларускаму народу якога чорта канкрэтны там Сцяпан вярнуўся ў пакеце».

Між тым, каляваенныя дзеянні трываюць у Беларусі напоўніцу. Акрамя вучэнняў у войску, ідзе і гэтак званая прыхаваная мабілізацыя. Паводле нашых крыніцаў, участковыя шукаюць людзей, якія жывуць не паводле сваёй прапіскі. Напярэдадні такія рэйды адбываліся на Паўднёвым Захадзе Менску. Называюць гэта «планам адпрацоўвання жылога сектару».

Прыходзяць да бацькоў патэнцыйных мабілізаваных ды нават да бабуль з дзядулямі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»