Ваенная актыўнасць вакол Беларусі


Беларусь павялічыць колькасць вайскоўцаў ва Ўзброеных Сілах – на 5 тысячаў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка ў апублікаванай сёння частцы інтэрв’ю расейскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву. Войска будуць павялічваць, каб супрацьстаяць украінцам.

Беларускія і расейскія вайскоўцы правядуць супольныя вучэнні на ўкраінскай мяжы – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю дырэктару агенцтва «Россия сегодня»:

«Я буду рабіць усё, каб Украіна стала нашай».

Першы этап пачнецца ў бліжэйшыя пару месяцаў. Лукашэнка тлумачыць, што такім чынам ён рэагуе на ваенныя манеўры з украінскага боку:

«Вось яны і пачалі манеўры ў Польшчы, Латвіі, Літве і Украіне. Што я мушу рабіць, як галоўнакамандуючы? Я мушу не паддавацца на правакацыі, але і прадбачыць, каб не атрымалася, як у 1941-м».

Украіна сапраўды пачала маштабныя вучэнні на памежжы з Беларуссю – аперацыю «Палессе». Але гэта вучэнні міністэрстваў унутраных справаў і надзвычайных сітуацыяў разам з памежнікамі.

А вось баявыя вучэнні цяжкай артылерыі праходзяць цяпер у Херсонскай вобласці, на адміністратыўнай мяжы з анексаваным Крымам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні Steadfast Defender 2021.
Фота: NATO North Atlantic Treaty Organization / Flickr

«Кожны тыдзень вайскоўцы адпрацоўваюць падрыхтоўчыя і практычныя дзеянні дзеля выяўлення і знішчэння дэсанту ўмоўнага праціўніка», – тлумачыць Сяргей Наеў, камандуючы Абʼяднаных Сілаў Украіны.

Умоўны праціўнік – расейскія войскі.

«Такія вучэнні трэба праводзіць пастаянна, каб людзі не забывалі ўсіх дробязяў. А ў нашай сістэме кожная драбяза важная», – мяркуе Уладзімір, камандзір гарматы «Мста-Б».

Украіна рыхтуецца да абароны ад магчымых атакаў з мора, і з акупаваных расейскімі гібрыднымі войскамі раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў.

Як паведамілі сёння ў прэс-цэнтры ўкраінскіх Абʼяднаных сілаў, пад Аўдзееўкай Данецкай вобласці ў выніку абстрэлу з боку баевікоў загінуў украінскі вайсковец. Таксама расейскай пяхотнай мінай была параненая цывільная асоба пад Марʼінкай

«Я ўжо 8 гадоў у гэтым падзямеллі жыву, ужо не верыш ні ва што. Хочацца і дадому, і сямʼі колькі гадоў не бачыў», – скардзіцца журналістам баявік «ЛНР» Уладзімір па мянушцы «Сола».

А Узброеныя сілы Расеі распачалі зімовыя вучэнні ў памежных з Украінай рэгіёнах і ў анексаваным Крыме. У манеўрах удзельнічаюць больш за 10 тысяч вайскоўцаў мотастралковых і танкавых падраздзяленняў. У Крамлі кажуць пра пагрозу ваеннай агрэсіі з боку Кіева.

Еўрапейская Рада вылучыць Украіне 31 мільён еўраў на 3 гады на ўзмацненне абаронных магчымасцяў. Грошы з Еўрапейскага фонду забеспячэння міру пойдуць не на зброю, а на медыцыну, інжынерныя магчымасці і размінаванне, мабільнасць і лагістыку і кібербяспеку – паведаміў міністр замежных справаў Украіны. Нашыя паўднёвыя суседзі рыхтуюцца да агрэсіі не толькі з Усходу.

«На жаль, мы ўжо разглядаем Беларусь як патэнцыйную крыніцу пагрозы для Украіны. Мы ўжо вылучылі значныя рэсурсы на абарону нашай паўночнай мяжы з Беларуссю. Але патэнцыйнае прызнанне акупаванага Крыму расейскім з боку Беларусі будзе незваротнай кропкай у нашых двухбаковых стасунках», – тлумачыў украінскі міністр у Рызе падчас сустрэчаў з чальцамі NATO.

Сёння Дмытро Кулэба сустракаецца з заходнімі саюзнікамі ў Стакгольме, на саміце АБСЕ.

«І вы ведаеце, і ўкраінскі народ ведае непахісную прыхільнасць Злучаных Штатаў да тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны. І я прыбыў сюды пасля сустрэчаў на ўзроўні блоку NATO, і магу сказаць, што гэта датычыць і ўсіх нашых саюзнікаў. Мы глыбока занепакоеныя агрэсіўнай пазіцыяй Расеі», – запэўніў свайго ўкраінскага калегу дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

Расейскі міністр замежных справаў запэўніў удзельнікаў саміту АБСЕ, што Масква не хоча ніякіх канфліктаў з Украінай, але будзе ўсімі спосабамі супрацьдзейнічаць памкненням украінцаў збліжацца з блокам NATO.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».