Беларуская «Смеласць» змагаецца за «Оскар»


Фільм рэжысёра Аляксея Палуяна «Courage» пра палітычныя пратэсты ў Беларусі трапіў у шорт-ліст намінантаў на прэмію Оскар. Поўнаметражная дакументальная стужка спаборнічае за прызнанне лепшаю ў 2021 годзе.

Адная справа чытаць навіны пра беларускі пратэст, іншая – прыйсці ў кінатэатр і перажыць паўтары гадзіны сапраўднага змагання, смеласці і таксама болю беларусаў.

Рэжысёр д/ф «Courage» Аляксей Палуян, кажа:

«Людзі, пасля таго як паглядзяць гэты фільм, пішуць мне ўночы са штатаў: «я думаў, што разумеў, што адбываецца ў Беларусі, але толькі зараз стаў разумець, што адбываецца».

Галоўныя героі стужкі – акторы «Свабоднага тэатру»: Павел Гарадніцкі, Дзяніс Тарасенка і Марына Якубовіч. Акторка пад час здымкаў задавалася пытаннем – «чаму менавіта мы – трое актораў-эмігрантаў маем распавядаць гэтую гісторыю?»

«Але быў такі цікавы момант, калі мой сябра пасля фільму звярнуўся да мяне і сказаў «ведаеш, гэта так цікава… мы размаўлялі пра тое ж самае, калі гэта адбывалася. У нас на кухні і ў суседзяў былі тыя ж самыя размовы, тыя ж тэмы. І гэта такі зрэз часу», – тлумачыць Марына Якубовіч.

У доўгім спісе прэтэндэнтаў на змаганне за прэмію «Оскар» сёлета было 238 дакументальных фільмаў з усяго свету. «Courage», у перакладзе – «Смеласць», Аляксея Палуяна трапіў адтуль у шорт-ліст. Адпаведнае паведамленне рэжысёр атрымаў ад Амерыканскай кінаакадэміі.

Сярод фаварытаў гонкі кінааналітыкі вылучаюць анімаваны дакумент «Уцёкі» (Flee) рэжысёра Юнаса Поэра Расмусэна – гісторыю падлетка-гея з Афганістану, які трапіў у Бельгію без бацькоў і валодання мовамі.

«Удзел у гэтай оскарнай гонцы – гэта ўжо вельмі важна. Я разумею, што гэта дасць дадатковую надзею людзям, якія зараз у Беларусі. Бо я адчуваю, што беларусы цяпер адчуваюць сябе пакінутымі», – лічыць Аляксей Палуян.

«Смеласць» беларуска-нямецкай вытворчасці ўжо 9 месяцаў паказваюць у заходнееўрапейскіх краінах. На кінафестывалі «Berlinale» стужка была намінаваная на ўзнагароду «Найлепшы дакументальны фільм». Спіс намінантаў 94-ай прэміі Амерыканскай кінаакадэміі прэзентуюць 8-га лютага.

Юлія Цяльпук, «Белсат»