Каму пагражаюць вучэбна-баявыя цэнтры Расеі?


Беларусь і Расея – пад ударам. Паводле Сяргея Шайгу, ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, а таксама ў краінах Балтыі разгорнутыя фармаванні ўзброеных сілаў дзяржаваў NATO.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ствараюцца новыя шматнацыянальныя батальённыя тактычныя групы ў Балгарыі, Венгрыі, Румыніі і Славакіі. Колькасць групоўкі з лютага 2022 года вырасла ў 2,5 раза і складае больш за 30 тысяч чалавек, а ў бліжэйшай перспектыве можа яшчэ павялічыцца. Пад ударам акажуцца і нашыя саюзнікі. Найперш брацкая Рэспубліка Беларусь», – такую заяву зрабіў міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу.

У афіцыйнай частцы паседжання вайскоўцы абмяркоўвалі супольныя дзеянні дзеля ваеннай бяспекі на найбліжэйшыя два гады.

Днямі Лукашэнка ўхваліў праект дамовы з Расеяй аб стварэнні на тэрыторыі Беларусі навучальна-баявых цэнтраў. На думку палітыка Паўла Латушкі, гэта дазволіць расейскім войскам заставацца ў Беларусі:

«Лукашэнка метадычна прадае незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны. Не было за гісторыю беларускага народу чалавека, які нанёс такую шкоду і працягвае наносіць такую шкоду Беларусі, як грамадзянін Лукашэнка».

Стварыць расейскія навучальна-баявыя цэнтры на тэрыторыі Беларусі абаронныя ведамствы дзвюх краінаў дамовіліся яшчэ ў сакавіку. Паводле Сяргея Шайгу, іх будзе два. Адзін створаць у Гарадзенскай вобласці, а дзе размесціцца другі, не паведамляюць. Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін расказаў «Белсату», дзе той могуць стварыць:

«Мяркуецца экспертамі, што гэта будзе ў раёне Асіповічаў. Гэта таксама форма набыцця Беларуссю ракетных комплексаў “Іскандэр-М”, якія Беларусь не можа ніякім чынам атрымаць на законных падставах. І таму што грошай няма. І таму што міжнародныя дамовы не дазваляюць Беларусі купляць, набываць і валодаць ракетнымі комплексамі з далёкасцю 500 кіламетраў».

У сваю чаргу намеснік начальніка Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны ў 2006-ым – 2010-ым гадах, генерал-лейтэнант у адстаўцы Ігар Раманенка мяркуе, што гэтыя цэнтры ствараюцца як для эскалацыі вайны з Украінаю, гэтак і для акупацыі Беларусі.

«У свой час, калі я яшчэ служыў, то ўдзельнічаў у дэлегацыях. І кожны раз, калі мы з’яўляліся, прадстаўнікі СПА яны кожны раз прапаноўвалі ствараць сумесную супрацьпаветраную абарону. Галоўная ідэя – размяшчэнне іх сродкаў на тэрыторыі дзяржаваў, якія згаджалася, як гэта з Беларуссю рабілася. А потым замест СПА завозіцца іншая тэхніка. Потым ствараюцца навучальныя цэнтры. Потым з навучальных цэнтраў робяць баявыя. Пасля гэтыя цэнтры пераходзяць пад кіраванне расейцаў. Ну і гэтак далей», – заявіў генерал-лейтэнант ЗСУ ў адстаўцы Ігар Раманенка.

І без таго гарачую сітуацыю накаляюць лукашэнкаўскія спецслужбы. Паводле старшыні КДБ Івана Церцеля, на Беларусь ізноў рыхтуецца напад. Гэтым разам нападаць сабраліся амерыканцы!

«Ёсць канкрэтныя планы ўваходжання на нашую тэрыторыю вайсковых кантынгентаў, у тым ліку з тэрыторыі Польшчы. Вядомая 101-ая паветрана-дэсантная дывізія ЗША, якая часткова ўжо базуецца на тэрыторыі суседняй з намі дзяржавы», – заявіў Іван Церцель, старшыня КДБ Беларусі.

Як расцэньваць такую заяву? Амерыканцы сапраўды хочуць атакаваць Беларусь ці гэта казка Лукашэнкі для Пуціна, каб не ўцягваць беларускіх войскаў у вайну супраць Украіны?

«Тут мае месца дастаткова некарэктнае выказванне з боку Церцеля, таму што Румынія, дзе размешчана 101-я брыгада, дакладней дывізія амерыканская, яна не мяжуе з Беларуссю і не зʼяўляецца суседняй дзяржавай. Тым самым кіраўніцтва Беларусі жадае ўзняць значнасць свайго няўдзелу ў канфлікце ва Украіне», – кажа Аляксандр Алесін.

Спікер паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат заявіў, што небяспека якраз існуе для Украіны. Бо на тэрыторыі Беларусі Расея плануе размясціць іранскія балістычныя ракеты, супраць якіх Украіна не мае абароны.

«Так ці інакш, балістычныя ракеты павінны знішчацца зенітна-ракетнымі комплексамі, якія маюць хуткасць супрацьракеты блізкія да іх. Акрамя таго, яны павінны іх выяўляць і потым іх суправаджаць з дастатковай дакладнасцю на маршруце палёту і забяспечваць час разліку супрацьракетнай сістэмы для іх знішчэння», – кажа Ігар Раманенка.

Гэта значыць, сілам паветранай абароны Украіны неабходны дастатковы час для выяўлення, суправаджэння і пуску сваіх супрацьракетаў. Для гэтага неабходная выведка балістычных цэляў адпаведнай далечыні. Цяперашнія сродкі паветранай абароны Украіны не дазваляюць гэтага ўсяго рабіць. І тады, як гавораць вайсковыя эксперты, ва Украіны застанецца адзін шлях: знішчаць іранскія комплексы на зямлі. То бок наносіць прэвентыўныя ўдары па тэрыторыі Беларусі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»