Дзе ў Беларусі знаходзіцца логава «экстрэмістаў»?


Падкаст «Белсату» – «Эканоміка з Чалым. Давайце разбірацца» – занесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэтак пастанавіў суд Цэнтральнага раёну Менску. Штодзень «экстрэмістаў», «экстрэмісцкіх фармаванняў і матэрыялаў» у Беларусі робіцца толькі больш. Чаму ўлады ўсё ніяк не спыняць палітычнага пераследу ці не залучаць адразу ўсіх беларусаў у свае экстрэмісцкія спісы?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

1469. Столькі грамадзянаў Міністэрства ўнутраных справаў запісала ў свой гэтак званы «экстрэмісцкі спіс». Гомельскі тэлеграм-канал «Флагшток» прааналізаваў яго і выявіў, што найменшую колькасць экстрэмістаў рэжым Лукашэнкі знайшоў у Магілёўскай вобласці – 74 асобы, а найбольшую – у Гомельскай, там амаль 300 чалавек прызналі экстрэмістамі.

«Чаму так? Ну, можа, Ціханоўскі сам з Гомельшчыны, можа, ён усіх там падняў, узбудзіў неяк. Можа, раз Ціханоўскі адтуль, то гэта лічыцца месца найвышэйшага экстрэмісцкага канцэнтрату. Можа, так», – тлумачыць блогер Андрэй Павук.

Блогера, нарадзінца Гомельшчыны Андрэя Павука, які цяпер жыве ў Літве, у спісе экстрэмістаў няма. Затое ягоны Youtube-канал «Рудабельская паказуха» адным з першых занеслі ў іншы спіс – экстрэмісцкіх матэрыялаў.

«Нічога гэта не значыць для нас. Гэта значыць для іх нешта. Ну а для нас гэта, з аднаго боку, пэўна, прызнанне. То бок гэта знак якасці. Калі ў часы ўсеагульнай хлусні казаць праўду, то гэта экстрэмізм, то бок мы кажам праўду – і мы экстрэмісты, ну ніяк гэта не паўплывала ўвогуле на якасць жыцця ў Літве. Ніяк», – кажа Андрэй Павук.

Даведацца, каго рэжым Лукашэнкі лічыць экстрэмістам, можна на сайце Міністэрства ўнутраных справаў. Там змешчаныя ажно тры спісы, якія штодзень абнаўляюцца: экстрэмісцкіх матэрыялаў, экстрэмісцкіх фармаванняў і ўласна экстрэмістаў.

Экстрэмізм, паводле беларускага заканадаўства, – гэта дзейнасць асобы або групы грамадзянаў, скіраваная на захоп улады, ажыццяўленне тэрарыстычнай дзейнасці, распальванне варажнечы і шмат іншых, даволі адэкватных з гледзішча права фармулёвак. У выпадку з Беларуссю справа выключна ў тлумачэнні гэтых фармулёвак, кажа юрыст «Human Rights Impact» Раман Кісляк:

«Нашыя ж улады дастаткова шырока: калі вы выходзіце перакрываеце рух, калі вы выходзіце з патрабаваннем, каб Лукашэнка сышоў, то вы экстрэміст, вы звяргаеце наш лад, які мы занялі і больш за 20 гадоў займаем. Вось такое тлумачэнне».

Таму не дзіва, што ў спісе экстрэмістаў – беларусы, засуджаныя за ўдзел у мірных пратэстах супраць несумленных выбараў і міліцэйскага гвалту, альбо тыя, каго пакаралі за допіс ці падабайку ў інтэрнэце. З апошняга за «экстрэмізм» лукашысты затрымалі грамадзянку Літвы, настаўніцу, а экстрэмісцкімі матэрыяламі прызналі Youtube-канал Вольнага хору ды «Інстаграм»-акаўнт з татуяваннямі.

«У гэтым выпадку такі тэрор ажыццяўляецца на дзяржаўным узроўні, і ўлады, канечне, гэта ўспрымаюць як законную дзейнасць у навядзенні парадку. Для грамадзянаў гэта, канечне, грубае парушэнне права на свабоду выказвання, свабоду асацыяцыяў, свабоду мірных сходаў. У нас такія кваліфікацыя: гэтыя правы найперш парушаюцца», – тлумачыць юрыст Раман Кісляк.

Толькі за адзін дзень – 28-га кастрычніка – рэжым занёс у спіс экстрэмістаў 625 чалавек. Пашыраючы гэтыя спісы штодзень, Лукашысты першыя разбураюць міф, што беларусы – мірныя людзі.

Вольга Васільева, «Белсат»