Навошта Лукашэнку рэферэндум? «Хоча перадаць уладу сыну»


Лідзія Ярмошына прыадкрыла завесу таямніцы. Паводле старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, на лютаўскім рэферэндуме будзе толькі адно пытанне: «Ці ўхваляеце вы ўнясенне зменаў у Канстытуцыю?». Ярмошына ўдакладніла, што будуць два варыянты адказаў: так і не. Пра якія змены тады гаворка, грамадству не паведамляюць.

«Часткаю прыняцця рашэння ёсць усебаковае абмеркаванне. Відавочна, было б лепей, каб праект Канстытуцыі быў апублікаваны заранёў і каб людзі мелі магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні гэтых зменаў яшчэ да таго, як яны могуць быць вынесеныя на рэферэндум», – каментуе Аляксандр Шлык, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у справе выбараў.

Канстытуцыя – гэта асноўны закон, які сярод іншага забяспечвае права на свабоду сходаў, права на забастоўку і свабоду слова. На тое, што грамадзяне могуць змяняць уладу праз выбары.

«Ніколі Лукашэнка не кіраваўся нормамі дзейнай Канстытуцыі. Ён у гэтым плане вялікі прававы нігіліст, узгадаваны яшчэ савецкім часам», – кажа праваабаронца Гары Паганяйла.

А таму ў нас, як вядома… «інагда не да законаў». Пытанне ж – навошта ўвогуле змяняць Канстытуцыю, калі дзейная і так не выконваецца?«Сама гэтая Канстытуцыя ўвогуле ствараецца, каб зрабіць у сярэднетэрміновай перспектыве перадачу ўлады сыну Лукашэнкі», – лічыць палітолаг Андрэй Елісееў.

Запланаваны канстытуцыйны рэферэндум не першы. Раней Лукашэнка праводзіў плебісцыты ў 1995-ым годзе, перад тым пабіўшы дэпутатаў, у 1996-ым, разагнаўшы апошні дэмакратычны парламент, і ў 2004-ым, калі з Канстытуцыі выкінулі пункт пра абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў. Вынікаў усіх гэтых рэферэндумаў з прычыны фальсіфікацыяў не прызнпла міжнародная супольнасць.

Лютаўскі рэферэндум жа ініцыяваны не Лукашэнкам, а Масквою, мяркуе Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе:

«Пуцін яшчэ ў верасні мінулага года ў Сочы дыктаваў вераснёўскія тэзісы, а ён быў вельмі аслаблены, гэта была палітычная качка, якая кульгала на дзве нагі. І ён быў вымушаны пагаджацца з усім. А для Пуціна галоўнаю задачаю было, каб людзі сышлі з вуліцы, каб гэта не перакінулася на Расейскую Федэрацыю. І гэта было замацавана як рашэнне».

Рэферэндум – гэта час працы выбарчых камісіяў, каля 84 тысячаў чалавек, а таксама мабілізацыя ўсяго карнага апарату. Паводле ж Анатоля Лябедзькі, рэжым усведамляе рызыкі, і ўжо нават цяпер складана знайсці тых, хто хоча ісці ў выбарчыя камісіі.

«У якасці адной з магчымых датаў рэвалюцыі, дня Х, як яны мяркуюць, разглядаецца перыяд правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму», – казаў Лукашэнка 18 кастрычніка.

Як зазначае Аляксандр Дабравольскі, дарадца Святланы Ціханоўскай, Лукашэнку ўвогуле не патрэбная змена Канстытуцыі. Запланаваная імітацыя не больш як спроба выйсці з палітычнага крызісу, але гэта ўсё роўна не развЯзвае яго карэннай прычыны – узурпацыі ўлады. Аднак чарговы падман можа стаць механізмам уздыму грамадзянаў:

«Байкот не развязанне, бо ў гэтым выпадку фальсіфікацыя можа прайсці незаўважанай. А калі б Лукашэнка быў надта разумным, то ён бы запрасіў назіральнікаў, каб паказаць, што ягоныя прыхільнікі прыйшлі, а астатнія не прыйшлі».

Паводле Аляксандра Дабравольскага, людзі скажуць Лукашэнку „не“.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»