Гвалт і нянавісць на мяжы


Гвалт на беларуска-польскай мяжы. Польская памежная служба апублікавала відэа атакі з боку мігрантаў і людзей у цывільным, а беларускі памежны камітэт абвінаваціў палякаў у смерці іншаземца.

Польскія памежнікі толькі за кастрычнік зафіксавалі больш за 17 тысяч спробаў нелегальна трапіць у Еўразвяз праз Беларусь, у тым ліку з тэхнічнаю дапамогаю беларускіх памежнікаў. Спробы фізічнага прарыву памежнай агароджы працягваюцца – у гэтыя выходныя мігранты і людзі ў цывільным атакавалі польскіх памежнікаў камянямі ды палкамі.

«Апошнім часам усё часцей назіраюцца агрэсіўныя паводзіны з боку замежнікаў, якія не заўжды хочуць перайсці, але кідаюць розныя прадметы ў польскіх памежнікаў і вайскоўцаў. Такая сітуацыя была і ў гэтыя выходныя», – заявіў Міхал Такарчык, харунжы Памежнай службы Польшчы.

Пацярпеў толькі службовы аўтамабіль, хаця тыдзень таму ў падобных абставінах камянямі былі параненыя два польскія вайскоўцы. Мяжу з Беларуссю цяпер ахоўваюць больш за 9 тысяч жаўнераў і афіцэраў Войска Польскага, да таго – паліцыя, войскі тэрытарыяльнай абароны і ўласна памежнікі. Адказнасць за ўсе правакацыі польскі ўрад ускладвае выключна на Аляксандра Лукашэнку ды ягоных набліжаных, якія зарабляюць мільёны долараў на арганізацыі масавай нелегальнай міграцыі.

«Трэба ўсведамляць, што ўсё гэта падрыхтавана спецслужбамі двух аўтарытарных рэжымаў – беларускага і расейскага. Гэта спецаперацыя супраць нацыянальнай бяспекі Польшчы», – мяркуе Пшэмыслаў Жураўскі, прафесар Лодзкага ўніверсітэту.

Беларускія сілавікі абвінавачваюць палякаў у смярцях мігрантаў. Дзяржаўны памежны камітэт заявіў, што польскія памежнікі нібыта жорстка збілі мігрантаў, а аднаго грамадзяніна Іраку ажно да смерці ды нібыта прымусілі нелегалаў перанесці цела на беларускую тэрыторыю.

Беларускі кірунак цалкам замясціў турэцкі маршрут нелегальнай міграцыі ў Еўразвяз. Як высветлілі журналісты з «Нямецкай хвалі», большасць мігрантаў кіруюцца ў Беларусь з іракскага Курдыстану праз Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Ліван, Турцыю і Украіну ды плацяць арганізатарам маршруту ад 12-ці да 15-ці тысяч еўраў. Арганізатары – турыстычныя фірмы, звязаныя з беларускаю дзяржавай або высокімі чыноўнікамі. Візы выдаюць у беларускай амбасадзе ў Анкары. А праз Менск кіруюцца ў Латвію, Літву і Польшчу, каб прабрацца ў Нямеччыну.Вось што кажуць нелегальныя мігранты ў літоўскім лагеры:

«Беларускія вайскоўцы паказалі мне на мяжу з Літвой, яны ішлі са мною 5-6 метраў, а потым сказалі ісці туды і сустрэцца з іншымі людзьмі».

«Жах, мы як арыштанты ў турме. Я проста разгублены».

Тых, хто нелегальна прабраўся, памежнікі або выштурхоўваюць назад на беларускую тэрыторыю, або размяшчаюць у лагеры, каб разгледзець заяву аб палітычным прытулку.

«Мы змянілі нашае заканадаўства, каб памежнікі маглі выкарыстоўваць гэтую тэхніку для абароны мяжы… Было некалькі крытычных заўваг у Еўропе, але самае галоўнае, што мы абараняем сваю мяжу», – кажа віцэ-міністр унутраных справаў Літвы Кястуціс Ланчынскас.

Як паведамляе польская паліцыя, падчас арганізаваных фізічных прарываў мяжы ў раёне канфлікту не дзейнічае мабільная і радыёсувязь. Яны падазраюць, што беларускія сілавікі выкарыстоўваюць сродкі РЭБ – радыёэлектроннай барацьбы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»