Беларусы ўшанавалі памяць продкаў на віленскіх могілках Росы


Знічы памяці запалілі на Дзяды нашыя суайчыннікі на віленскіх могілках Росы. Не толькі ўшанавалі славутых беларусаў, якія знайшлі тут вечны спачын, але зладзілі цікавую гістарычную экскурсію. Што адчувалі пры гэтым? Пра што думалі?

«Даўно планавалі наведаць могілкі і трапіць да Кастуся Каліноўскага, але не чакалі, што будзе тут экскурсія і дзе пабачым вельмі-вельмі шмат беларускіх герояў. Таксама вельмі цікавыя былі расповеды пра іх. Так што мы пад вялікім уражаннем», – кажа адзін з удзельнікаў імпрэзы.

«Для мяне быў такі значны момант, што мы трапілі ў капліцу, змаглі паставіць знічы каля нашых паўстанцаў, каля апошняга прыстанку Кастуся Каліноўскага. Магу сказаць, што атрымала шмат светлых эмоцый», – гаворыць удзельніца экскурсіі Юлія.

На Росах адчуваецца шчыльная повязь мінуўшчыны з днём сённяшнім.

«Мы сёння шануем памяць нашых продкаў – хтосьці з іх гвалтоўна загінуў, кагосьці забілі. І тыя падзеі, якія адбываюцца зараз у Беларусі – тыя катаванні і забойствы, – якія засведчыў увесь свет, яны прымушаюць нас памятаць не толькі продкаў, але і тых людзей, якія гінуць у Беларусі сёння», – мяркуе ўдзельнік беларускай «талакі» на віленскіх Росах.

Цяпер Дзяды ў Беларусі – народнае свята. Але ў першай палове дзевяностых гэты дзень адзначалі на дзяржаўным узроўні. 2-га лістапада быў выходным, пакуль Лукашэнка яго не адмяніў.

Зміцер Казакевіч, «Белсат»