Акаўнты рэжыму знікаюць з Google i Youtube


Санкцыі дзеяць і ў віртуальным свеце. Кампанія «Гугл» заблакавала акаўнт і «Ют’юб»-канал Следчага камітэту Беларусі, ГУУС сталічнага і рэгіянальных гарвыканкамаў, «Белшыны», «Беларуськалію» ды іншых кампаніяў і арганізацыяў, што трапілі пад санкцыі Злучаных Штатаў.

Гэтае відэа Следчага Камітэту Беларусі – запісанае напярэдадні. Сёння – недасяжнае, як і рэшта матэрыялаў. Кампанія Google заблакавала афіцыйны акаўнт СК і прывязаны да яго канал у YouTube.

«Акаўнт Google адключаны ў адпаведнасці з нашымі правіламі ў дачыненні да абмежавання экспарту і ўжывання санкцыяў і не можа быць адноўлены», – паведамілі ў кампаніі.

Следчы Камітэт фігуруе ў санкцыйных спісах праз удзел у рэпрэсіях супраць беларусаў. Як і ГУУС Менскага і рэгіянальных выканкамаў. «Беларуськалій», «Белшына» і іншыя – фінансуюць рэжым. Іхныя акаўнты таксама заблакаваныя.

ГУБАЗіК, Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства абароны пакуль што маюць акаўнты ў сацсетках. Дзяржаўныя тэлеканалы на гэты момант – па-за заходнімі абмежаваннямі.

«У папярэднія перыяды, калі на Беларусь накладаліся санкцыі, то тэлеканалы таксама траплялі пад санкцыі. Іншае пытанне, што тады ніхто не блакаваў іхныя акаўнты ў сацыяльных сетках. Зараз іншыя правілы гульні і іншыя магчымасці. Бо тады меў значэнне проста доступ у інтэрнэт, а цяпер шмат якія платформы з’яўляюцца выхадам на шырокую аўдыторыю».

Аўдыторыя таго ж Ютʼюб параўнальная з аўдыторыяй тэлеканалаў, якія эфірна вяшчаюць у Беларусі. «Белтэлерадыёкампанія» актыўна прасоўвае свой інфармацыйны прадукт у Ютʼюбе. Сярод вяшчальнікаў – Рыгор Азаронак, які акурат трапіў пад санкцыі.

Праваабаронца Павел Левінаў быў вымушаны спрабаваць праз суд даказаць, што выказванні прапагандыста ўносяць разлад у грамадства і штурхаюць людзей на супрацьпраўныя дзеянні.

«Суд адказаў, што згодна з Законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму грамадзянін не мае права звяртацца ў суд, бо не зʼяўляецца субʼектам падачы такіх пазоўных заяваў», – распавёў Левінаў пра адмову суда.

Напярэдадні праваабаронца звяртаўся з гэтым да субʼектаў – у Генпракуратуру, адкуль атрымаў лаканічнае:

«У выслоўʼях Азаронка няма выказванняў, якія б цягнулі нават на правапарушэнне. Калі гэтую справу не ўдасца развязаць у цяперашняй сітуацыі, калі «иногда не до Законов» (выказванне А.Лукашэнкі – заўв. Рэд) то гэта ўсё застанецца ў архівах. Я думаю, што настане час, калі Рыгору Азаронку давядзецца панесці адказнасць».

Цяпер жа – у экстрэмісты трапляюць медыя-рэсурсы, якія «ТОПяць» супраць дзейнага рэжыму. Міністэрства ўнутраных справаў прызнала экстрэмісцкімі фармаваннямі тэлеграм-каналы «Революционное действие», «Народная самооборона» і «Революцiйна дiя». Генпракуратура папрасіла прызнаць тэрарыстычнаю арганізацыю «Супраціў». А Міністэрства інфармацыі заблакавала сайты гомельскага выдання «Флагшток» і «Народныя навіны Віцебска».

Апошнія, пасля забароны ў інтэрнэце, вырашаюць, як існаваць далей. Для дзяржмедыяў жа інтэрнэт – не галоўнае. Лукашэнка фінансуе распаўсюд традыцыйным спосабам – перыядычны друк і тэлебачанне – акцэнтуе медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі:

«Таму калі гаворка будзе ісці пра чынавенскае выкананне загадаў, то могуць і адключыць доступ у Беларусі да сацыяльных сетак і да Ютʼюбу, бо ў прынцыпе такія прыклады ёсць у некаторых аўтарытарных краінах».

Медыяэксперт аднак заўважыў, што такое рашэнне выклікала б сацыяльнае абурэнне нават у апалітычных асобаў і прыхільнікаў дзейнага рэжыму.

Юлія Цяльпук, «Белсат»