Ці змогуць беларускія ўлады зарабіць на імпартазамяшчэнні?


Падобна, «імпартазамяшчэнне» робіцца адным з улюбёных словаў у беларускіх топ-чыноўнікаў. У загалоўках дзяржаўных медыяў яно з’яўляецца ўсё часцей. Сёння гэтую тэму падняў прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка, наведваючы Беларускую таварную біржу. А на дзень раней новы пасол у Расеі Дзмітрый Крутой паведаміў, што пуцінскі і лукашэнкаўскі рэжымы абмяркоўваюць ці то 14, ці то 15 супольных праектаў у імпартазамяшчэнні. Гучныя заявы на гэтую тэму робіць і Лукашэнка. Пасля пачатку агрэсіі супраць Украіны. Маўляў, беларуская прамысловасць можа імпартазамясціць на расейскім рынку ці не ўсю прадукцыю заходніх кампаніяў, якія пакінулі Расею. Што гэта – ідэя-фікс ці рэальная перспектыва? У магчымасцях беларускага імпартазамяшчэння разбіраліся нашыя карэспандэнты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ідэяй суцэльнага імпартазамяшчэння ўлады Беларусі трызнілі даўно. Але часта абмяжоўваліся беларускімі налепкамі на імпартныя тавары. Сапраўдным мэмам сталіся кітайскія маніторы Acer, што такім чынам ператвараліся ў прадукцыю «Інтэгралу». Але цяпер, калі на Расею і Беларусь накладзеныя жорсткія санкцыі, імпартазамяшчэнне – крытычна важнае пытанне.

«Пачалі мы з прамысловасці, 14-15 праектаў цяпер абмяркоўваюцца на ўзроўні ўрадаў. Расейскім бокам ужо ўхваленыя 7 прадпрыемстваў, па якіх складзеныя адпаведныя пашпарты», – заявіў Дзмітрый Крутой, Пасол Рэспублікі Беларусь у Расейскай Федэрацыі.

Беларускі рэжым, падобна, нават разлічвае на гэтым падзарабіць.

«Мы ўжо распрацавалі праекты недзе на 1 мільярд 300 мільёнаў долараў. Яны важныя ў першую чаргу для машынабудавання. Гаворка ідзе пра ўласнае ліццё, пашырэнне вытворчасці розных кампанентаў для сельгастэхнікі. Вельмі запатрабаваная сёння на рынку лесанарыхтоўчая тэхніка», – сцвярджае Юрый Чабатар, першы намеснік міністра эканомікі Рэспублікі Беларусь.

Паводле намесніка міністра эканомікі, дзейныя ўлады разлічваюць паставіць на расейскі рынак прадукцыі машынабудавання на 300–400 мільёнаў долараў. Але незалежныя эканамісты да гэтых планаў ставяцца скептычна. Бо найважнейшы імпарт для Расеі – не трактары і лесавозы, а абсталяванне для здабычы нафты.

«Калі б не было заходняга абсталявання, то Расея не змагла б здабываць столькі нафты, газу, вырабляць столькі нафтапрадуктаў. І Беларусь не можа нічым дапамагчы, бо сама ў аналагічнай сітуацыі. Так, Беларусь можа недзе выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, але гэтая прадукцыя робіцца на імпартным абсталяванні», – мяркуе расейскі эканаміст Сяргей Жаўранкаў.

Камплектавальныя для сваёй прадукцыі флагманы прамысловасці таксама куплялі на Захадзе. Усім вядомы БелАЗ без нямецкіх і амерыканскіх электрапрывадаў не можа выпускаць вялікіх карʼерных самазвалаў, расказаў нам былы работнік прадпрыемства.

«У такіх вялікіх самазвалаў, пачынаючы ад 90 тонаў, ідзе прывад на кожнае кола. І аналагаў на постсавецкай прасторы дакладна не рабілі. І канкурэнтных дакладна няма. Калі і зробяць нейкі аналаг, то немагчыма ў кароткія тэрміны яго паставіць і проста прадаць. З такімі камплектоўнымі яны наўрад ці будуць канкурэнтаздольнымі», – распавёў «Белсату» былы супрацоўнік БелАЗу на ўмовах ананімнасці.

З тэхнічных звестак, якія захаваліся ў адкрытым доступе, вынікае, што нават сталь для вырабу вялікіх «Белазаў» набывалі на Захадзе. А таксама гідраўліку, дызельныя рухавікі, трансмісіі ды апоны. Не лепшая сітуацыя і на яшчэ адным флагмане беларускай прамысловасці – Беларускім металургічным заводзе. Абсталяванне, без якога вытворчасць проста спыніцца, пастаўляецца з Еўропы, кажа колішні работнік заводу.

«Большая частка з таго [абсталявання], што паступала на БМЗ, – гэта была Аўстрыя, Германія. Часткова Італія. Збольшага гэта запасныя часткі да таго, што ў нас не выпускаюць. І ніколі не навучацца выпускаць. Усё кітайскае, на якое спрабуюць замяніць, не вытрымлівае такіх умоваў. Не даюць такой надзейнасці», – кажа былы работнік БМЗ.

Паводле нашага суразмоўцы, БМЗ цяпер завозіць еўрапейскае абсталяванне праз турэцкіх пасярэднікаў. Але налета ў Турцыі – прэзідэнцкія выбары. Эрдагана можа змяніць празаходні лідар, і тады шэрым схемам канец – мяркуе эканаміст Сяргей Жаваранкаў. Дапамогі ад умоўна сяброўскага Кітаю таксама чакаць не варта.

«Кітай не ёсць ніякім інвестарам. Кітай – гэта краіна, якая набывае сыравіну і інвестуе толькі ў здабыванне сыравіны за межамі сваёй краіны», – тлумачыць Сяргей Жаўранкаў.

Існуе, праўда, і іншая версія: ніхто нічога замяшчаць не плануе. Гэтак мяркуе беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Насамрэч Лукашэнка, заяўляючы пра імпартазамяшчэнне, кажа толькі пра адно: як пад гэтай маркай атрымаць ад Расеі нейкія грошы ў цяперашні складаны час», – кажа Яраслаў Раманчук.

Амбітныя праекты дзейных уладаў у справе імпартазамяшчэння могуць так і застацца проста праектамі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»