Сутачны рэкорд мігрантаў з Беларусі зноў пабіты


Кожны дзень Літва фіксуе рэкордную колькасць нелегалаў з тэрыторыі Беларусі. Цяпер іх будзе яшчэ больш.

Менск адкрыў неба для трох дадатковых рэйсаў з Іраку. Цяпер штодня ў беларускую сталіцу будзе прылятаць боінг з паўтысячай пасажыраў. Але ў Менску так званыя турысты не затрымліваюцца, а накіроўваюцца ў бок літоўскай мяжы. Адным з перавалачных пунктаў мігрантаў стаў прымежны горад Ашмяны.

Званы «каралеваю нябёсаў» Boeing-747 кампаніі «Іraqi Airways» зачасціў у Менск. Цяпер яшчэ тры дадатковыя рэйсы. Самалёт прыгожы, але прынамсі частка ягоных пасажыраў неўзабаве без дакументаў паспрабуюць перасекчы літоўскую мяжу. Беларускія памежнікі і ўлады – замінаць ня будуць.

«Яны могуць займацца такім вось шантажом. Што яны і робяць. Робяць выгляд, што яны не пры чым. Займаюцца шантажом, хоць і кажуць »давайце сядзем за стол перамоваў і вырашым. Але гэта ж крывадушша. Гэта здзек», – кажа палітолаг з Вільні Віціс Юрконіс.

Ланцуг транзіту ў Еўразвяз людзей з краінаў Афрыкі і Блізкага Усходу дзее і зарабляе, не хаваючыся ад беларускай міліцыі і вертыкалі ўлады… Гэта кадры ад нашага гледача з Ашмянаў. Аўтобусам Менск-Вільня замежнікаў прывозяць у горад два разы на дзень.

«Там іх сустракае адзін чалавек, які размяркоўвае – куды каму ехаць ці тлумачыць, дзе яны праз некаторы час сустрэнуцца, і ўсе паедуць на мяжу. Ён ім тлумачыў, што дакументы трэба будзе пакінуць у нейкім месцы на ўсялякі выпадак, каб на мяжу яны ішлі без дакументаў», – распавядае ананімная крыніца з Ашмян.

Потым мігранты з’язджаюць на мяжу з гэтым кансультантам ці іншымі таксоўкамі.

«Я размаўляў я з таксістамі многімі і яны мне адказалі, што кожны дзень яны адвозяць шмат мігрантаў наўпрост на мяжу. Шкада адно, што я не ўдакладніў, у якое месца», – пашкадаваў мужчына з Ашмянаў.

Пільнуюць старыя і знаходзяць новыя месцы пераходу мяжы літоўскія памежнікі разам з групамі ўзмацнення ад Еўразвязу і персанальна ад Польшчы.

У нядзелю затрымалі яшчэ 289 нелегальных мігрантаў пераважна з Іраку. Гэта рэкордная ў гісторыі колькасць у межах дня. Агулам жа сёлета гэтыя лічбы выраслі ў амаль 50 разоў.

«Спачатку мы меркавалі, што ў Літву нелегальна прыбудуць да 8 тысяч чалавек, але цяпер мы бачым, што да канца года гэты лік можа значна павялічыцца – да 10 тысячаў. Налета можа дадацца яшчэ 5 тысячаў», – распавядае міністр унутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Міністарка ўнутраных справаў Літвы сёння сустракалася з еўракамісаркаю ўнутраных справах Ільваю Югансан. Наведвалі лагер уцекачоў у Медзінкаі. Шукалі развязання крызісу сваімі сіламі.

«Мы цяпер у экстрэмальнай сітуацыі. Я вельмі засмучаная навіною пра пашырэнне колькасці рэйсаў з Іраку да чатырох. Мяркую, трэба тэрмінова звязацца з іракскімі ўладамі і абмеркаваць, як гэтыя рэйсы можна адмяніць», – кажа еўракамісарка ўнутраных справаў Ільва Югансан.

Сітуацыя і без таго псуецца, следам за надворʼем… Сёння ў лагеры мігрантаў быў бунт з-за прамоклых намётаў і агулам – незадаволенасці ўмовамі жыцця ў адмыслова адведзеных месцах. Былі і спробы ўцёкаў. Усё гэта не да спадобы літоўскаму насельніцтву:

«Цяпер цёпла. А што будзе ў верасні? Да верасня іх не накіруюць нікуды. А куды іх столькі падзець?»

«Сваіх колькі людзей бяздомных. Сядзяць з дзецьмі, здымаюць жытло. А тут прымаем мігрантаў. Мы працуем на іх!»

«Беларусы няважна сябе паводзяць. Лукашэнка, а не беларусы».

Палітолаг Віціс Юрконіс кажа, што Еўропа нарэшце расплюшчыла вочы на сутнасць беларускага рэжыму, але за ранейшыя ілюзіі давядзецца заплаціць:

«Тое, што тут адбываецца з мігрантамі – гэта толькі наступствы асноўнай праблемы. Асноўная праблема – гэта Аляксандр Лукашэнка і рэжым у Беларусі. Учора гэта АЭС у Астраўцы. Сёння гэта мігранты, вялікая плынь мігрантаў. Заўтра – бог ведае што».

Рост колькасці так званых нелегалаў з Іраку, Афганістану, Таджыкістану і гэтак далей… адзначалі таксама ў Латвіі. Польскія ж службы рапартавалі сёння пра затрыманне чарговых 17 асобаў, якія незаконна перасеклі мяжу.

Калі так будуць ісці і далей, калючы дрот амаль цалкам апляце абрыс беларускай мяжы. Акно ў 1239 км – застанецца. Акно ў Расею.

Юлія Цяльпук, «Белсат»