Крысціна Ціманоўская збягае ад беларускіх спартовых чыноўнікаў у Польшчу


Цяпер жа спартоўка атрымала гуманітарную візу ў амбасадзе Польшчы ў Токіа.

«Беларуская спартоўка Крысціна Ціманоўская ўжо ёсць у прамым кантакце з польскімі дыпламатамі ў Токіа. Яна атрымала гуманітарную візу. Польшча зробіць усё неабходнае, каб дапамагчы ёй працягнуць спартовую кар’еру», – паведаміў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.

Патэнцыйную небяспеку надумаў перадухіліць і муж спартоўкі, трэнер Арсеній Зданевіч, які зʼехаў ва Украіну:

«Я разумеў, што працаваць і жыць мне спакойна не дадуць. Рашэнне аб ад’ездзе прыняў учора літаральна цягам паўгадзіны. З Крысцінай пакуль няма сувязі, але ведаю, што яна пад абаронай польскага консульства ў Токіа. У будучыні плануе пераезд у Польшчу, дзе мы і сустрэнемся».

Раней з прычыны недастатковай колькасці допінг-пробаў да ўдзелу ў Алімпіядзе не дапусцілі дзвюх беларусак, якія мусілі бегчы эстафету 4 па 400 метраў. Каб выйсці з сітуацыі, замест адной з іх без папярэджання паставілі Крысціну Ціманоўскую, якая рыхтавалася да ста і двухсот метраў.

Але бягуння абурылася з рашэння спартовых чыноўнікаў.

«Гэта Алімпіяда. Чалавек да сваіх ста, двухсот метраў рыхтаваўся 4–5 гадоў. І тут даведваецца папросту з сацсетак, што будзе бегчы эстафету. Я не ведаю насамрэч, колькі атлеты рыхтуюцца не толькі 400 метраў прабегчы, а папросту эстафетную палачку перадаць адзін аднаму. Гэта ж долі, міліметры мусяць быць вылічаныя», – тлумачыць Кацярына Сныціна са Свабоднага аб’яднання спартоўцаў.

Учора ж Крысціна Ціманоўская заявіла пра тое, што яе спрабавалі сілаю вывезці з Кітаю ў Беларусь; бягунню выключылі з алімпійскай каманды. Спартовы арбітражны суд у Лазане сёння падтрымаў адхіленне спартоўкі ад Алімпіяды. Гэта можа быць звязана з тым, што забегі на 200 метраў ужо адбыліся.

Апублікаваны аўдыязапіс, у якім меркавана галоўны трэнер зборнай па лёгкай атлетыцы Юрый Маісевіч і кіраўнік нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Артур Шумак намаўляюць Крысціну выехаць у Беларусь.

«Гэта не тая сітуацыя, каб хадзіць і даказваць адваротнае. Гэта ўжо не тая сітуацыя, яна ўжо супраць нас накіраваная. Зараз адзінае, што мы можам – гэта толькі пайсці гэтым шляхам, якім нас накіроўваюць, разумееш? Падпарадкавацца. Падпарадкавацца таму, як яно мусіць быць», – казаў Юрый Маісевіч.

Але Крысціна Ціманоўская не падпарадкавалася і не села на самалёт. У аэрапорце ёй дапамагалі паліцыя і валанцёры. Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі спрабаваў пераканаць, што ў бягунні праблемы з эмацыйна-псіхалагічным станам. Крысціна гэта зняпраўдзіла.

«Я прашу Міжнародны алімпійскі камітэт аб дапамозе. На мяне аказаны ціск і мяне намагаюцца вывезці з краіны без маёй згоды. Таму прашу Міжнародны алімпійскі камітэт умяшацца ў гэта», – звярталася Крысціна Ціманоўская.

Сёння Міжнародны алімпійскі камітэт запытаў у Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі справаздачу. Пасля будуць вырашаць, ці прымяняць да беларускага боку санкцыі.

«Самая важная рэч у гэты момант – гэта паклапаціцца пра яе. Таму мы размаўлялі ўчора, мы працягваем быць у кантакце сёння. Мы ўпэўніліся, што ў яе было бяспечнае месца, каб пераначаваць. Яна пад абаронай», – паведаміў дырэктар у справе камунікацыяў МАК Марк Эдамз.

Затое санкцыі могуць быць ад ЗША. Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў, што гэта можа адбыцца бліжэйшымі тыднямі. Здарэнне чарговы раз ускалыхнула Захад, але ці сапраўды варта чакаць рэальных крокаў? Адказаў палітолаг Валер Карбалевіч:

«Нейкіх наступстваў вялікіх не бачу. Чарговы ўдар па рэпутацыі Беларусі. Справа ў тым, што сітуацыя настолькі дрэнная, што яе сапсаваць яшчэ больш цяжка. Не думаю, што будуць нейкія санкцыі з боку Міжнароднага алімпійскага камітэту».

Тым часам усё болей калег Крысціны Ціманоўскай выказваюць ёй падтрымку. Сёння дзюдаіст Дзмітрый Шэршань заявіў, што не было нічога надзвычайнага, каб дэпартаваць спартсменку, а штурхальніца Надзея Астапчук параўнала сітуацыю з савецкім часам.

Яна Шэк, «Белсат»