Інтэграцыйная багна Беларусі і Расеі


Еўразвяз разам з афіцыйным Кіевам ужо рыхтуюць новы, 7-ы пакет санкцыяў для Расеі за напад на Украіну. Пра гэта паведаміў кіраўнік украінскай дыпламатыі Дмытро Кулэба. У ранейшыя санкцыі трапіў і рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Але Лукашэнка разам з Пуціным кажуць, што ад санкцыяў толькі мацнеюць іх інтэграцыйныя працэсы.

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Горадні – скончыўся. Дзяржаўныя СМІ назвалі яго самым рэзультатыўным. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка не прыехалі, хоць абяцалі. Затое цяпер у Горадні з‘явіцца Генеральнае консульства Расейскай федэрацыі.

«Беспрэцэдэнтны палітычны і санкцыйны ціск з боку так званага калектыўнага Захаду падштурхоўвае нас да таго, каб паскорыць аб‘яднальныя працэсы», – заявіў Пуцін па відэасувязі з Масквы.

«Вар’яцкія і незаконныя санкцыі Захаду падштурхнулі нас да паскораных рашэнняў у галіне транспарту і лагістыкі, увядзенню ўласных плацежных сістэмаў і разлікаў у нацыянальных валютах», – прамаўляў Лукашэнка па відэасувязі з Менску.

Ні Лукашэнка, ні Пуцін не ўзгадалі, за што канкрэтна Захад увёў санкцыі.

«Пакуль заходнія суседзі падцягваюць да нашай мяжы войскі NATO, мы займаемся абсалютна стваральнымі ініцыятывамі», – пераконваў удзельнікаў форуму Лукашэнка. Але пахваліліся праходжаннем 28 дарожных мапаў – інтэграцыйных дамоўленасцяў, падпісаных у лістападзе.

Дакумент уніфікаваў заканадаўства Расеі і Беларусі ў галінах эканомікі, узгадняў фармаванне адзінага фінансавага і энергетычнага рынкаў. Хаця купляць расейскія нафту і газ па ўнутрырасейскіх коштах Лукашэнка пакуль не можа.

«Далейшае збліжэнне макраэканамічных палітык двух дзяржаваў, гарманізацыя валютнага рэгулявання, прадстаўленне роўнага доступу да дзяржаўных замоваў і закупак», – пералічваў Лукашэнка дасягненні інтэграцыі з Масквой.

Пераход на расейскія стандарты кіравання не менш небяспечны, чым расейскія войскі ў Беларусі, мяркуе Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«Фактычна ўрад краіны губляе кантроль за развіццём інстытуцыйных сфераў у дзяржаве. Найбольш важныя сферы, якія ўплываюць на эканамічнае развіццё, яны будуць ускосна кантралявацца з Расеі і працаваць па расейскіх правілах».

То бок любы крок трэба ўзгадняць з Масквой, у якой свае, федэральныя інтарэсы.

«Паскараецца паглынанне Расеяй Беларусі. Поле суверэннасці Беларусі чым далей, тым будзе звужацца, інтэграцыя паглыбляцца. Па сутнасці праз нейкі час мы будзем казаць пра дэ-факта адзіную дзяржаву з дамінаваннем РФ у гэтым аб’яднанні», – мяркуе доктар палітычных навук Вадзім Валавы.

Але цяпер Пуцін абяцае новыя саюзныя дамовы: «Ужо цяпер вярстаюцца новыя саюзныя праграмы на наступны 3-гадовы перыяд, пачынаючы з 2024 года».

«Калі Пуцін пра гэта кажа, то так званая 31-я дарожная мапа, якая ўключала палітычныя інстытуты, можа быць зноўку ўнесеная на парадак дня», – папярэджвае Андрэй Ягораў.

Гаворка пра магчымае стварэнне наднацыянальных органаў кіравання так званай Саюзнай дзяржавай. Да адкрытага ўварвання расейцаў ва Украіну палітолагі разглядалі гэты варыянт, як спробу Пуціна фармальна застацца пры ўладзе, і не ісці на прэзідэнцкія выбары. Цяпер паўстае пытанне, ці не зможа так званая Саюзная дзяржава з новымі органамі ўлады фармальна загадаць беларускім вайскоўцам ваяваць побач з расейцамі.

«Па сутнасці шмат у чым Расея і так кантралюе беларускае войска. Таму прыняцце фармальных рашэнняў па сутнасці сітуацыі не зменіць. Проста фармалізуе тое, што і так існуе», – мяркуе Вадзім Валавы.

Сярод інтэграцыйных фармальнасцяў – пратакол аб намерах супрацы Віцебскай вобласці і – цытата – «Рэспублікі Крым Расейскай Федэрацыі», падпісаны чыноўнікамі на форуме ў Горадні. Хоць дакумент не мае юрыдычнага статусу, для рэжыму Лукашэнкі ён можа стаць яшчэ адным крокам да афіцыйнага прызнання Крыму расейскім.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».