Футбольным фанатам далі да 6 гадоў узмоцненага рэжыму


На тэрміны ад 5 да 6 гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму сёння асудзілі чатырох футбольных заўзятараў-антыфашыстаў – братоў Цімура і Тамаза Піпіяў, Дзяніса Болтуця і Віталя Шышлова. Прысуд вынесла суддзя Святлана Бандарэнка, якая раней судзіла журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна ў справе аб акалічнасцях забойства Рамана Бандарэнкі прыхільнікамі рэжыму.

Каля суда Маскоўскага раёну Менску бацькі выціраюць слёзы. Суддзя Святлана Бандарэнка паставіла кропку ў справе чатырох футбольных заўзятараў Цімура і Тамаза Піпія, Дзяніса Болтуця і Віталя Шышлова.

Бандарэнка прызнала віну маладзёнаў цалкам даказанай і пакарала іх ад 5 да 6 гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама суд пастанавіў спагнаць у салідарным парадку з Шышлова, Болтуця і Цімура Піпія кампенсацыю шкоды пацярпелым міліцыянтам: Зелянеўскаму – 1000 рублёў, Карабанаву – 500 рублёў.

«Я лічу гэта абсалютна ненармальным, гэта неадэкватна, несправядліва, суддзя выдала тое, што ёй, відавочна, сказалі зверху. Бо віны не было даказана ніякай, доказаў не было ніякіх, адвакаты цалкам аспрэчылі ўсё, што чытаў дзяржабвінаваўца. У выніку яна дала столькі колькі ёй сказалі, Пры гэтым яна сказала гэта без кроплі жалю. За што павінны сядзець мае два браты, я не разумею», – адзначае сястра асуджаных Тамаза і Цімура Піпія Луіза Піпія.

Хлопцаў абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня ў раёне станцыі метро Пушкінская, а таксама ў дзень патаемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 23 верасня. Паводле выраку, яны выкрыквалі лозунгі, будавалі барыкады на праезнай частцы, стваралі перашкоды для грамадскага транспарту і не падпарадкоўваліся міліцыі.

«Тое, што яны нарабілі, гэта дручком пад азадак і штраф, калі б гэта было гады два тры назад вось і ўсё, што яны нарабілі», – лічыць Аляксей, знаёмы Віталя Шышлова.

Затрымалі хлапцоў напрыканцы верасня. Віталя Шышлова супрацоўнікі змусілі прызнацца на камеру ў незаконных дзеяннях, распырскванні газу ў аўтамабіль, дзе знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі Зелянеўскі і Карабанаваў, і раскаяцца. З пачатку пратэстаў пад крымінальны пераслед патрапілі дзясяткі футбольных фанатаў. Частку з іх праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Агулам на сёння праваабаронцы прызналі палітвязнямі 529 асобаў.

Ігар Станкевіч, «Белсат»