Кныровіч: «Тавараў будзе менш. Яны стануць горшыя паводле якасці. І даражэйшыя»


Бізнес сыходзіць з Беларусі, найперш малы і сярэдні. Засмучальную тэндэнцыю фіксуе нават афіцыйная статыстыка. Эксперты у адзін голас цвердзяць: аніякага прасвету напрыканцы бізнес-танэлю не бачна і не прадбачыцца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі малы бізнес у Беларусі будзе скарачацца гэткімі тэмпамі, як цяпер, то неўзабаве яго застанецца, як казаў Лукашэнка пра муку ў Менску, літаральна на тры дні. Выданне «banki24.by» падлічыла, што толькі за апошнія сем гадоў айчынная эканоміка страціла амаль 22 тысячы дробных кампаніяў. Гэта 19 цэлых дзве дзясятыя адсотка ад агульнае колькасці бізнесаў у краіне.

«Тэндэнцыя, мякка кажучы, неаптымістычная, улічваючы, што менавіта малы бізнес застаецца своеасаблівай “падушкай бяспекі” для ўсяе эканомікі, калі сыходзіць з прынцыпу «не класці ўсе яйкі ў адзін кошык», – тлумачыць эканаміст Аляксей Харкевіч.

«У нас цяпер некалькі валаўтваральных прадпрыемстваў прыносяць агромністыя ўліванні, у тым ліку валютныя, у бюджэт. І цяпер супраць іх уводзяцца санкцыі. То гэта ўсё, гэта абвал нават можа 10–20 адсоткаў для эканомікі, у залежнасці ад таго, якое гэта прадпрыемства. А калі ў нас шмат прадпрыемстваў, то гэта пераразмеркаваная рызыка. Канечне ж, гэта пэўная падушка бяспекі», – кажа Харкевіч.

Са скарачэннем бізнесаў, натуральна, ідзе і змяншэнне адлічэнняў у бюджэт. Толькі па выніках першых чатырох месяцаў гэтага года падаткавыя зборы ад малых кампаніяў знізіліся амаль на адсотак у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

«Бізнес у Беларусі – рэч небяспечная. І скарачэнне суб’ектаў малога бізнесу паказвае, што насельніцтва, у прынцыпе, з недаверам ставіцца наагул да гэтага занятку», – кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Зрэшты, нясоладка жывецца сёння ў Беларусі не толькі малому, але і астатняму бізнесу. За апошнія сем гадоў у нашай краіне ажно на 360 адзінак, то бок амаль на 15 адсоткаў (14,7 %) скарацілася і колькасць сярэдніх кампаніяў. З іх мінус шэсцьдзесят дзве – толькі за першыя месяцы гэтага года. Адпаведна, аніякіх пазітыўных прагнозаў для малога і сярэдняга бізнесу адзін з найбольш медыйных айчынных прадпрымальнікаў рабіць не раіць.

«Тавараў будзе менш. Яны стануць горшыя паводле якасці. І даражэйшыя. Нічога больш да гэтага дадаць нельга. Зніжэнне канкурэнцыі, санкцыі, сыход малога і сярэдняга бізнесу прывядзе выключна да стратаў для стала і гаманца насельніцтва. Таму што ўрэшце ўсе памылкі ўлады аплочвае канкрэтны беларус», – кажа Кныровіч.

То бок мы з вамі.

Валера Руселік, «Белсат»