70 гадоў на троне: каралева Элізабэт ІІ б'е рэкорды


Вялікая Брытанія адзначае плацінавы юбілей кіравання каралевы Элізабэт ІІ. Першы раз у гісторыі гэтай краіны манарх займае пасаду семдзесят гадоў. За гэты час Вялікая Брытанія паспела ўвайсці ў Еўразвяз і выйсці з яго. Пры Элізабет ІІ змяніліся чатырнаццаць прэм’ер-міністраў, пра яе пішуць песні, здымаюць рэйтынгавыя серыялы, але ейнае жыццё ўсё яшчэ пад покрывам таямніцы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дзесяць фактаў пра каралеву Элізабэт ІІ:

1. Каралева б’е рэкорды.

Элізабэт ІІ стала манархіняй-рэкардсменкай у Брытаніі ды ўваходзіць у чацвёрку кіраўнікоў, якія найдаўжэй застаюцца на сваіх пасадах. Праз тры гады яна пабʼе ўсе папярэднія рэкорды працягласці перабывання на троне і абыдзе нават французскага караля-сонца Людовіка XIV, які пакуль займае першы радок у рэйтынгу.

2. Каралева кіруе пятнаццаццю краінамі.

Каралева ачольвае не толькі Вялікую Брытанію, але і Канаду, Аўстралію, Новую Зеландыю, Ямайку, Багамскія Астравы, Грэнаду, Папуа – Новую Гвінею, Саламонавыя Астравы, Тувалу, Сэнт-Люсію, Сэнт-Вінсэнт і Грэнадыны, Антыгуа і Барбуду, Беліз, Сэнт-Кітс і Нэвіс. Ва ўсіх гэтых дзяржавах, акрамя Злучанага Каралеўства, яе рэпрэзентуюць генерал-губернатары, прызначаныя ёю.

3. Каралева карыстаецца павагай падданых.

Здавалася б, што імперыі ўжо састарэлі, а манархіі выглядаюць дзіўным архаічным інстытутам, але на папулярнасці каралевы гэта ніяк не адбіваецца. Апытанні ды даследаванні грамадскай думкі паказваюць, што 90 адсоткаў падданых яе каралеўскай міласці задаволеныя тым, як Элізабэт ІІ робіць сваю працу. Незадаволеныя дзеяннямі манархіні толькі сем адсоткаў рэспандэнтаў.

4. Каралева выказваецца сімваламі.

Часта сваю пазіцыю каралева выказвае невербальна: з дапамогай убораў, аксесуараў або дэталяў інтэрʼеру. Напрыклад, на апошняй сустрэчы з прэмʼер-міністрам Канады Жустэнам Трудо ўжо падчас вайны ва Украіне на стале ў замку каралевы стаяў букет з жоўта-блакітнымі кветкамі. А на адкрыцці парламенцкай сесіі ў 2017 годзе, адразу пасля рэферэндуму аб выхадзе Вялікай Брытаніі з Еўразвязу, каралева была апранутая ў колеры сцягу Еўразвязу – глыбака сіні з жоўтымі ўкрапінамі. На сустрэчу з Доналдам Трампам каралева надзела тыяру з бірманскімі рубінамі і дыяментамі, якія, паводле бірманскіх традыцыяў, абараняюць ад сурокаў і хваробы.

5. Каралева ўдзельнічае ў палітычным жыцці краіны.

Кожны аўторак а шостай вечара Элізабэт ІІ сустракаецца ці стэлефаноўваецца з прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі. Гэтыя аўдыенцыі строга канфідэнцыйныя – на іх не вядзецца ніякіх запісаў, а змест не выдаецца. Але з мемуараў «жалезнай лэдзі» Маргарэт Тэтчэр мы ведаем, што каралева робіць свае заўвагі ды дзеліцца меркаваннем аб жыцці краіны: «Кожны, хто думае, што яны [сустрэчы] – простая фармальнасць або сацыяльная ўмоўнасць, глыбока памыляецца. Насамрэч яны праходзяць у спакойнай дзелавой атмасферы, і яе міласць заўсёды дэманструе сваю здольнасць ахопліваць шырокае кола праблемаў і дзяліцца досведам». Да таго ж, у каралевы ёсць права адхіліць кандыдатуру прэмʼер-міністра, калі яна лічыць яе неадпаведнай. Праўда, Элізабэт ні разу не карысталася гэтым правам.

6. Шлюб Элізабэт ІІ і прынца Філіпа стаў самым доўгім сярод манархаў.

Муж і жонка былі разам больш за 73 гады – да смерці прынца Філіпа 9 красавіка 2021 года. У каралевы і прынца была агульная прапрабабуля – каралева Вікторыя, а іх знаёмства адбылося, калі маленькай Элізабэт было ўсяго 8 гадоў, а Філіпу – 13.

7. Каралева хоча быць прыкметнай.

І таму яна выбірае для свайго гардэробу вельмі яркія колеры – у ейным гардэробе ёсць строі ўсіх колераў вясёлкі. Ходзіць легенда, што аднойчы Элізабэт ІІ сказала: «Калі я апрану бэжавае, ніхто не будзе ведаць, хто я».

8. Кожны дзень каралеве прыходзіць каля двухсот-трохсот лістоў.

І штодня наўздагад выбіраюцца некалькі лістоў, якія ўслых зачытваюцца каралеве, а яна дыктуе на іх адказ.

9. Кожны брытанец выдаткоўвае 1 фунт і 25 пенсаў за год на ўтрыманне каралевы.

Паводле звестак на 2019 год, штогод на ўтрыманне каралевы ідзе каля васьмідзесяці двух мільёнаў фунтаў. Але гэты грант не пакрывае каралеўскіх візітаў, цырымоніяў і аховы. Агульныя выдаткі каралеўскага двара могуць складаць каля трохсот мільёнаў фунтаў на год, ці каля чатырохсот мільёнаў долараў.

10. Мы вельмі мала ведаем пра палітычныя погляды Элізабэт ІІ.

Нягледзячы на тое, што шырокая публіка пільна сочыць за каралевай, ейнае жыццё праходзіць у атачэнні слуг ды рэпарцёраў, мы не ведаем, напрыклад, што каралева думае пра дзейнага прэмʼер-міністра – яе міласць ні разу не дзялілася сваім меркаваннем аб працы брытанскіх палітыкаў, яна не дае ім адзнак і не выказвае свайго стаўлення.

Аляксандра Шапаліна, «Белсат»