Падрыхтавацца да выбараў


Палітычны і гуманітарны крызіс – з Лукашэнкам ці без яго – не скончыцца, калі ў Беларусі не правесці сапраўдныя дэмакратычныя выбары. І гаворка не толькі пра выбар новага прэзідэнта, але і дэпутатаў парламенту – бо яны ў выніку вызначаюць паўнамоцтвы прэзідэнта. Пра гэта заявілі ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі прысвечанай дэмакратызацыі, якую правялі разам офіс Святланы Ціханоўскай і аўтарытэтныя арганізацыі.

На свята думай пра будзень, а ўлетку пра зіму – кажуць у народзе. Цяпер не свята, а фактычна ваенны стан, але трэба падрыхтавацца да выбараў, каб скончыць крызіс – кажуць у камандзе Святланы Ціханоўскай. Хаця ўдзельніца апошняй выбарчай кампаніі, вынікі якой грамадства не змагло спраўдзіць, плануе замяніць не Лукашэнку, а ўсю сістэму.

«Сапраўды, тое, што мы бачым апошнія дні і тыдні ў Беларусі, гэта насамрэч вельмі непрыемна, часта страшна, часта ўганяе людзей у смутак і дэпрэсію. Але гэта не значыць, што мы мусім забываць пра нашую галоўную мэту – дэмакратычныя змены праз выбары», – кажа Аляксандр Шлык, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у пытаннях выбараў.

Міжнародная канферэнцыя «Дэмакратычныя выбары для развязання крызісу ў Беларусі» сёння і ўчора прайшла онлайн, хаця ўдзельнікі спадзяюцца, што хутка атрымаецца працягнуць у жывую ў Менску. Арганізатары – міжнародныя фонды і праграмы, што спецыялізуюцца на выбарах. Спікеры – ад беларускіх палітыкаў і кіраўнікоў Цэнтрвыбаркамаў суседніх краінаў да кангрэсменаў ЗША.

«Я не лічу, што сёння галоўным з‘яўляецца змена выбарчага заканадаўства. Найважнейшым з’яўляецца вяртанне даверу да выбарчай сістэмы і структурам, якія забяспечваюць выбары», – заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Выбары – наступны і неабходны крок, і варта загадзя выпрацаваць механізмы, каб пазбавіцца практыкі фальсіфікацыяў, кажуць удзельнікі канферэнцыі. Гэта змены на ўсіх этапах. Напрыклад, пры падліку подпісаў не шукаць сапсаваныя, а падлічваць сапраўдныя. Датэрміновае галасаванне арганізоўваць не на кожным участку, а на некалькіх на ўвесь горад. Забяспечыць назіральнікам доступ на ўсіх этапах выбараў. Зрабіць не толькі празрыстыя урны, але і лічбавае назіранне за галасаваннем і падлікам галасоў.

«Паднімаецца кожны бюлетэнь і яго паказваюць тром катэгорыям насельніцтва – назіральнікам, чальцам камісіяў і прадстаўнікам СМІ», – тлумачыць Алесь Сілкоў з грамадскай кампаніі «Права выбару».

«Што мы зрабілі ў Малдове – мы ўвялі ў тым ліку электронную перадачу звестак з выбарчага ўчастку адразу ў ЦВК, і вывешванне пратаколу ў самім участку«, – распавядае экс-старшыня малдоўскага Цэнтрвыбаркаму Юрый Чокан.

І найважнейшы момант – празрыстае фармаванне выбарчых камісіяў. Міжнародныя інстытуты гатовыя дапамагчы з адукацыяй і для назіральнікаў, і для чыноўнікаў.

«Мы працуем з чыноўнікамі, мы арганізоўваем для іх розныя формы камунікацыяў, трэнінгаў, навучання, каб мінімум гэтае звяно разумела, што такое добра і што такое кепска. Калі ў краіне практыка (фальсіфікацыяў) выкарыстоўваецца дзесяцігоддзямі, вельмі часта дзяржслужбоўцы не разумеюць і не ацэньваюць, што значыць просьба ўмяшацца ў выбарчы працэс«, – распавядае Вольга Айвазоўска, прадстаўніца грамадскай сеткі назірання за выбарамі «Опора», якая працуе ва Украіне.

Пры гэтым спікеры канферэнцыі кажуць, што галоўнае – не перамога канкрэтных партыяў, а грамадскі кампраміс і замірэнне, якое патрэбнае ўсім беларусам незалежна ад поглядаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»