На жорсткасць рэжыму – жорсткія санкцыі


А тым часам Беларускія эмігранты ў Польшчы не выключаюць блакавання мяжы з Беларуссю для грузавога транспарту. Такім чынам яны заклікаюць Еўразвяз хутчэй увесці эфектыўныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Спыніць УСЕ ўзаемадачыненні з рэжымам заклікалі лідары дэмакратычнай супольнасці. А чальцы НАТО занеслі Беларусь у спіс краінаў, ад якіх чакай пагрозы.

Ланцуг салідарнасці са Сцяпанам Латыпавым прайшоў недалёка ад патруляванай сілавікамі Плошчы Пераменаў у Менску. Акцыі салідарнасці адбыліся і ў замежжы. Апроч санкцыяў для рэжыму – патрабаванне вызвалення з няволі ягоных праціўнікаў:

«Гэта мае быць не «глыбокая занепакоенасць», а насамрэч дзеянні, якія могуць дапамагчы і неяк наблізіць перамогу».

«Калі чалавек робіць такі рызыкоўны крок – ідзе а самазабойства, ускрываецца ў судзе, то я лічу – яму патрэбная дапамога».

На думку адной з удзельніц акцыі, у справу мае ўмяшацца Камітэт супраць катаванняў:

«У нас няма сувязі з вялікаю колькасцю палітзняволеных. Ад іх не даходзяць лісты тым, хто ім піша. На маю думку трэба праводзіць тэрміновае расследаванне таго, у якіх умовах за кратамі яны знаходзяцца.

Абяцанне – рэагаваць на незаконныя дзеянні вертыкалі і сілавікоў – гучыць цяпер на ўсіх узроўнях. Сярод апошніх канцлер Аўстрыі Зэбаст’ян Курц заявіў:

«Мы будзем адкрытыя на пашырэнне санкцыяў, калі гэта будзе неабходна. Я думаю, вельмі важна, каб санкцыі былі як мага больш дакладна нацэленыя на рэжым, а не на грамадзянскую супольнасць, не на людзей. Таму ў выпадку далейшых санкцыяў будуць кансультацыі з грамадзянскай супольнасцю».

Зэбаст’ян Курц даў такое абяцанне пасля размовы са Святланаю Ціханоўскай, каманда якой трымае краіны Захаду ў курсе сітуацыі з палітычнымі рэпрэсіямі рэжыму Лукашэнкі. Ціханоўская паведаміла і пра гібель палітвязня Вітольда Ашуркі ў калоніі, і пра самагубства абвінавачанага ў «масавых беспарадках» 17-гадовага Дзмітрыя Стахоўскага, і пра Сцяпана Латыпава, які адчайна наклаў на сябе рукі ў судзе.

«Мы будзем дамагацца прызнання рэжыму Лукашэнка злачынным. Суддзі, пракуроры, сілавікі, чыноўнікі, якія саўдзельнічаюць ці пакрываюць злачынствы супраць беларусаў, маюць панесці адказнасць», – падкрэсліла Святлана.

Вобшукі, затрыманні, суды і штрафы супраць прыхільнікаў мірных пераменаў цягам гэтых васьмі месяцаў выраслі ў крымінальныя тэрміны да 18-ці гадоў заняволення. Ад леташняга жніўня гэта 667 крымінальных справаў у адносінах 944-ох чалавек. На сённяшні дзень палітвязнямі праваабаронцы прызналі 454 асобаў. Пяцёра з іх – няпоўнагадовыя. Агульны спіс беларусаў, зняволеных за палітычную пазіцыю, у разы даўжэйшы. 109 такіх судоў адбыліся толькі ў траўні. Ці рэпрэсіі скончацца пры гэтым палітычным рэжыме – разважаюць гамельчукі:

«Калі яны дапусцяць іхнае вызваленне, то пакажуць сваю слабасць і могуць паддацца ціску з боку. Лукашэнка гэтага не дапусціць.

«Будзе зноў напэўна гандаль, як заўсёды», па традыцыі. Будуць іх выпускаць узамен на нейкія прэферэнцыі.

«Пры бягучым наўрад ці. Не ведаю, так падаецца».

Пасля акцыі Латыпава ў судзе апазіцыя заклікала да пашырэння санкцыяў. Сёння характар паводзінаў беларускага рэжыму яшчэ раз асудзіў кіраўнік НАТО Енс Стольтэнбэрг, і пракаментаваў прэм’ер Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан:

«Мяркую, што чальцы NATO абʼяднаюцца на знак пратэсту супраць жахлівага інцыдэнту з захопам самалёта ў Беларусі. (…) Але, Енс, цалкам зразумела, што сумеснае супрацьстаянне пагрозам з Усходу – гэта вельмі вялікая частка вашай працы да 2030-га года, ці не так»?

Саюзнікі па НАТО вядуць перамовы дзеля абароны сваіх краінаў ад кібэрпагрозаў, правакацыяў і спецаперацыяў, якія праводзяць на іхнай тэрыторыі краіны з-за ўсходняй мяжы НАТО. Цяпер у спісе гэтых краінаў і Беларусь.

Юлія Цяльпук, «Белсат»